Мінск 20:00

Вайскоўцы Беларусі і Зімбабвэ абмеркавалі ўзаемадзеянне ў інфармацыйнай сферы

Фота: Павел Матусевіч / ІА "Ваяр"

8 кастрычніка, Позірк. Узаемадзеянне ў інфармацыйнай сферы абмяркоўвалася на сустрэчы прадстаўнікоў Міністэрства абароны Беларусі і дэлегацыі Зімбабвэ, паведамляе прэс-служба беларускага ваеннага ведамства.

Памочнік міністра абароны па ідэалагічнай працы ва Узброеных сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінабароны Леанід Касінскі заявіў, што “Беларусь і Зімбабвэ паслядоўна адстойваюць свае нацыянальныя інтарэсы”.

“Нас збліжае агульнасць пазіцый па многіх актуальных міжнародных пытаннях: эканамічная палітыка кіраўніцтва нашых дзяржаў, адзінства поглядаў на ўсталяванне справядлівага светаўладкавання, заснаванага на развіцці шматпалярнасці і неўмяшанні ва ўнутраныя справы”, — заявіў вайсковы чыноўнік.

“Ва ўмовах, развязаных супраць нашай краіны інфармацыйнай вайны, інфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці непасрэдна ўзброеных сіл набывае адно з найважнейшых значэнняў”, — дадаў Касінскі.

На думку галоўнага вайсковага ідэолага, “створаная ў беларускім войску сістэма інфармацыйнай дзейнасці дазваляе забяспечваць дамінаванне афіцыйнай інфармацыі Міністэрства абароны ў інфармацыйным полі краіны і па-за яе межамі”.

20 лютага ў Харарэ міністэрствамі абароны Беларусі і Зімбабвэ быў падпісаны план сумесных мерапрыемстваў у вайсковай сферы.

26 студзеня міністр унутраных спраў Іван Кубракоў падпісаў у Зімбабвэ мемарандум аб супрацы паміж праваахоўнымі ведамствамі дзвюх дзяржаў. Паводле слоў кіраўніка МУС, Аляксандр Лукашэнка “даручыў аказаць усялякую падтрымку зімбабвійскім сябрам”.

Лукашэнка наведваў Зімбабвэ з 30 студзеня па 1 лютага 2023 года. У красавіку таго ж года са шматдзённым візітам у Мінск прыязджала жонка прэзідэнта Зімбабвэ Аксілія Мнангагва.

Сёлета ў ліпені яна зноў была ў Беларусі з візітам, на сустрэчы з ёй Лукашэнка заявіў, што чакае візіту ў Мінск прэзідэнта.

Сёлета Беларусь ужо двойчы накіроўвала ў Зімбабвэ гуманітарную дапамогу для пераадолення наступстваў засухі, у сувязі з якой 3 красавіка прэзідэнт Эмерсан Мнангагва абвясціў рэжым нацыянальнага бедства.

Беларускія ўлады актывізавалі кантакты з Зімбабвэ ў 2023 годзе, аднак актуальных даных па двухбаковым тавараабароце няма. Па выніках 2022 года аб’ём узаемнага гандлю склаў каля 40 млн долараў, 2021-га — 25 млн, 2020-га — 33,6 млн.

Падзяліцца: