Мінск 21:34

Кабанчук: Украіна не баіцца рэжыму ў Беларусі і яго ўзброеных сіл

Вадзім Кабанчук (з мікрафонам)
Фота: "Позірк"

8 кастрычніка, Позірк. Заява дэпутата Вярхоўнай Рады з фракцыі партыі ўлады “Слуга народа” Алега Дунды аб неабходнасці пераносу баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі сведчыць аб тым, што Україна “не баіцца самога рэжыму ў Беларусі і яго ўзброеных сіл”. Такое меркаванне ў інтэрв’ю “Позірку” выказаў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы, былы намеснік камандзіра беларускага добраахвотніцкага палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук.

“Так ставіцца немагчыма да таго, каго лічаць моцным, каго асцерагаюцца”, — адзначыў ён.

“Ці маглі мы ўявіць сабе яшчэ тры, пяць год таму, што нехта з дэпутатаў суседняй дзяржавы будзе разважаць пра тое, што ў Беларусь павінны зайсці падраздзяленні і вайсковым шляхам прасоўвацца “со всеми вытекающими”? Гэта — наступствы авантурнай палітыкі Лукашэнкі, які разам з Пуціным уступіў у вайну супраць Украіны”, — мяркуе Кабанчук.

Паводле яго слоў, да Беларусі ўсё больш даносіцца дыханне вайны, сведчаннем чаго з’яўляецца залёт на яе тэрыторыю дронаў-шахедаў.

Пры гэтым, падкрэсліў прадстаўнік АПК, беларускае войска не хоча “ваяваць за дыктатара і тым больш супраць Украіны”, таму “не варта Лукашэнку спадзявацца, што яго будуць пакрываць, яго асабіста”.

“Калі дойдзе да баявых сутыкненняў, гэта будзе вельмі паганы сцэнар. Але сваімі дзеяннямі і пралангацыяй улады — тое, што Лукашэнка плануе рабіць у наступным годзе — ён з кожным днём будзе павышаць рызыку такога сцэнару. Беларусам час усвядоміць, што больш чым 30-гадовае знаходжанне Лукашэнкі пры ўладзе павялічвае рызыку вайны на тэрыторыі Беларусі прама прапарцыйна”, — заклікаў Кабанчук.

На яго думку, Украіна мае поўнае права на прэвентыўныя дзеянні, калі ўбачыць пагрозу з боку Беларусі. “Лукашэнка ж з Пуціным ізноў запланавалі сумесныя вучэнні (рэгіянальнай групоўкі войск у 2025 годзе. — “Позірк”.), а я нагадаю, што ўварванне ва Украіну рыхтавалася ў тым ліку пад прыкрыццем такіх вучэнняў”, — патлумачыў прадстаўнік АПК.

Падзяліцца: