Мінск 19:12

Дэлегацыя ЕП будзе кіравацца спадзяваннямі беларускага народа пра еўрапейскую будучыню

Архіўнае фота: Marcin Obara / PAP

8 кастрычніка, Позірк. Дэлегацыя па Беларусі ў Еўрапейскім парламенце (ЕП) у сваёй дзейнасці будзе кіравацца “законнымі спадзяваннямі беларускага народа пра сваю еўрапейскую будучыню”, заявіла кіраўніца гэтай групы Малгажата Гасеўска.

У звароце, апублікаваным 7 кастрычніка на сайце ЕП, палітык нагадала, што дэлегацыя па Беларусі была створана ў 1994 годзе, неўзабаве пасля аднаўлення незалежнасці краіны. Гасеўска адзначыла, што зараз ЕП “не падтрымлівае афіцыйных стасункаў з парламентам Беларусі праз тое, што краіна неаднаразова не праводзіла свабодныя і справядлівыя выбары і не выконвала міжнародныя стандарты дэмакратыі і вяршэнства закона”.

“У адказ на фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і наступнае жорсткае задушэнне дэмакратычных сіл, актывістаў грамадзянскай супольнасці, свабодных прафсаюзаў, незалежных СМІ і мірных дэманстрантаў, ЕП заняў адназначную пазіцыю і не прызнаў ні вынікі выбараў, ані Аляксандра Лукашэнку ў якасці законнага лідара і прэзідэнта Беларусі”, — дадала яна.

Гасеўска нагадала пра тое, што “ў шматлікіх рэзалюцыях, прынятых з 2020 года, Еўрапарламент рашуча асудзіў беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, якія здзяйсняюцца рэжымам, і пацвердзіў сваю салідарнасць і нязменную падтрымку мужнага народа і грамадзянскай супольнасці Беларусі, якія працягваюць адстойваць спадчыну першай незалежнай, свабоднай і дэмакратычнай Беларусі”.

“Сёння ў турмах застаюцца больш як 1.300 палітычных зняволеных, уключаючы лідараў апазіцыі, журналістаў і актывістаў, якія ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах, аззнаюць катаванні і жорсткае абыходжанне, часта пазбаўленыя доступу да медыцынскага абслугоўвання і юрыдычнай дапамогі, — канстатавала палітык. — Нашыя дзеянні і намаганні, шчыльна скаардынаваныя з іншымі еўрапейскімі інстытутамі і дзяржавамі-членамі, павінны быць скіраваныя на неадкладнае і безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных вязняў у Беларусі і іх поўную рэабілітацыю”.

Паводле яе слоў, на фоне “спробаў Расіі падарваць суверэнітэт Беларусі, ператварыўшы яе ў сваю дзяржаву-сатэліт”, дэлегацыя ЕП па Беларусі захоўвае прыхільнасць “працягу нястомнай працы з Аб’яднаным пераходным кабінетам на чале са Святланай Ціханоўскай і Каардынацыйнай радай для дасягнення мэты пабудовы дэмакратычнай, суверэннай, інклюзіўнай і квітнеючай Беларусі”.

Былы віцэ-спікер польскага Сейма (2019–2023) Малгажата Гасеўска — член польскай партыі “Права і справядлівасць” (цяпер знаходзіцца ў апазіцыі), уваходзіць у кансерватыўную фракцыю ЕП “Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты”. 19 верасня выступіла ў ЕП з прамовай у падтрымку вызвалення беларускіх палітвязняў, частку спічу прамовіла на беларускай мове.

3 кастрычніка 2024 года абраная на пасаду кіраўніцы дэлегацыі ЕП па Беларусі.

Падзяліцца: