Мінск 17:59

Ад пачатку года ў Беларусі зарэгістравана больш за 160 парушэнняў у паветранай прасторы

Ілюстрацыйнае фота: Ricardo Rocha / unsplash.com

8 кастрычніка, Позірк. Больш за 160 “супрацьпраўных дзеянняў у галіне выкарыстання паветранай прасторы” зарэгістраваў ад пачатку 2024 года Дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Адным з такіх парушэнняў, паводле інфармацыі нагляднага органа, стала сітуацыя з паветраным шарам, які ў верасні лунаў над плошчай Тысячагоддзя ў Віцебску. Да аэрастата прымацавалі металічную канструкцыю, якая дэманстравала мэблю прыватнага прадпрыемства, на адкрытай паверхні знаходзіўся чалавек. Тым самым, адзначае ведамства, была створана “пагроза бяспецы палётаў і грамадскай бяспецы”. На пілота склалі адміністрацыйны пратакол.

Генпракуратура правяла нагляд за “выкананнем заканадаўства аб бяспецы палётаў паветраных суднаў авіяцыі агульнага прызначэння”, і выявіла парушэнні ў гэтай галіне.

“Да праблем у названай сферы пракуроры, перш за ўсё, аднеслі адсутнасць у краіне уніфікаванага нарматыўнага прававога акта, які рэгламентуе дзейнасць суб’ектаў, якія эксплуатуюць авіяцыйную тэхніку (да авіяцыі агульнага прызначэння аднесеныя паветраныя судны, у тым ліку планёры, дэльтапланы, парапланы, лёгкія і звышлёгкія лятучыя апараты, паветраныя судны аматарскай канструкцыі, аэрастатычныя апараты ды іншыя, якія выкарыстоўваюцца на некамерцыйнай аснове. — “Позірк”.). Такая сітуацыя цягне за сабой небяспечныя і некантраляваныя палёты”, — гаворыцца ў паведамленні.

Прычыны надзвычайных здарэнняў з паветранымі суднамі гэтай катэгорыі ў 2024 годзе такія ж, як і ў папярэднія гады, — недатрыманне тэхнікі пілатавання, страта кіравання ў палёце і сутыкненне з зямлёй.

“Пры гэтым некаторыя палёты праводзіліся на самаробных лятучых апаратах без абавязковага да атрымання дазволу на выкарыстанне паветранай прасторы”, — адзначыла ведамства.

З “надыходам навігацыйнага перыяду” Генпракуратура праінфармавала Мінтранс пра наяўнасць усіх гэтых праблем. Паведамляецца, што Дэпартамент па авіяцыі распрацаваў і зацвердзіў “Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі, выкананні і забеспячэнні палётаў паветраных суднаў авіяцыі агульнага прызначэння”. Гэты лакальны прававы акт набудзе моц у студзені 2025 года.

Як паведамляў “Позірк”, 30 жніўня ў Светлагорскім раёне (Гомельская вобласць) упаў мотадэльтаплан. 53-гадовы пілот загінуў.

Падзяліцца: