Мінск 14:59

Муравейка справаздачыўся аб размяшчэнні ў Беларусі 10 пунктаў навядзення авіяцыі

Фота: Мінабароны

8 кастрычніка, Позірк. 10 пунктаў навядзення авіяцыі ўкамплектаваныя вайскоўцамі і размешчаныя на тэрыторыі Беларусі ў рамках праверкі боегатоўнасці Узброеных сіл (УС), паведаміў 8 кастрычніка начальнік Генеральнага штаба — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка.

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба Мінабароны, у рамках першага этапу праверкі УС “адпрацаваныя пытанні процідзеяння авіяцыі праціўніка, адбіцця ўдараў сродкаў паветранага нападу і вырашэння іншых задач па прыкрыцці”.

Асабісты склад, “у тым ліку ваеннаабавязаныя, якія прыбылі з запасу, аднавілі свае навыкі, знялі з захоўвання і прывялі ў гатоўнасць да баявога прымянення ўзбраенне, ваенную і спецыяльную тэхніку”, сказаў начальнік Генштаба.

Сістэма падрыхтоўкі ваеннаабавязаных і аднаўлення іх навыкаў, паводле яго сцвярджэння, “дастаткова эфектыўна спрацавала і дае свае вынікі”, дадаў военачальнік.

Пра пачатак чарговага этапу праверкі злучэнняў і вайсковых частак Узброеных сіл Мінабароны паведаміла 30 верасня.

Адзначалася, што “асноўны акцэнт” праверкі будзе зроблены на “гатоўнасці і здольнасці выконваць задачы па прызначэнні воінскімі часцямі і падраздзяленнямі” Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны.

6 кастрычніка паведамлялася, што ў праверцы боегатоўнасці ўдзельнічаюць вайскоўцы, прызваныя з запасу.

Пазней стала вядома, што 8–11 кастрычніка пад кіраўніцтвам кіраўнікоў абласных выканкамаў пройдуць заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці, якія будуць накіраваныя на “павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі і зладжанасці органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны да фарміравання тэрытарыяльных войск”.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі безупынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння адносін з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Навядзенне ў ваеннай справе — гэта спосаб кіравання, пры якім сілам (падводным лодкам, авіяцыі) альбо ракетам задаюцца параметры руху, якія выводзяць іх да аб’ектаў праціўніка, вызначаных для паражэння.

Падзяліцца: