Мінск 15:26

Лукашэнка пахваліў Уганду, якой амаль 40 гадоў кіруе адзін чалавек

9 кастрычніка, Позірк. “Перспектыўнага партнёра ва Усходняй Афрыцы” бачыць ва Угандзе Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта ён заявіў у пасланні прэзідэнту Ёверы Мусевені з Днём незалежнасці.

Мусевіні 80 гадоў, кіруе краінай з 1986 года. На апошніх чатырох выбарах (у 2006, 2011, 2016, 2021 гадах) афіцыйна атрымліваў ад 57 да 60% галасоў.

“Абвяшчэнне самастойнага палітычнага курсу ў 1962 годзе (тады Вялікабрытанія дала Угандзе незалежнасць. — “Позірк”.) стала пачаткам новага этапу ў гісторыі вашай краіны, адкрыла магчымасці для яе ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Палітыка Уганды грунтуецца на блізкіх беларусам прынцыпах самавызначэння народаў, мірнага суіснавання, павагі, неўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, захавання традыцыйных каштоўнасцяў і культуры”, — гаворыцца ў віншаванні, якое цытуе прэс-служба Лукашэнкі.

Год таму ў віншаванні ён пісаў Мусевіні, што іх”аб’ядноўвае аднолькавы погляд на надзённыя пытанні міжнароднага парадку дня”.

З 1971 па 1985 гады Угандай кіраваў генерал Ідзі Амін, які прыйшоў да ўлады і быў адхілены ад яе ў выніку ваенных пераваротаў. У 1976 годзе Амін абвясціў сябе пажыццёвым прэзідэнтам.

Падзяліцца: