Мінск 15:24

Рада БНР: Накладанне арышту на хату Дзікавіцкага — чарговы акт пераследу беларусаў за грамадзянскую пазыцыю

Аляксей Дзікавіцкі
Архіўнае фота: "Позірк"

9 кастрычніка, Позірк. Рада БНР расцэньвае накладзены на хату выканаўцы абавязкаў дырэктара тэлеканала “Белсат”, сябры Рады БНР Аляксея Дзікавіцкага арышт як “чарговы акт пераследу беларусаў за грамадзянскую пазыцыю”, гаворыцца ў адпаведнай заяве арганізацыі.

Рада БНР адзначае, што “будучы дэмакратычны ўрад вольнай Беларусі павінен не толькі аднавіць у грамадзянскіх і маёмасных правах усіх тых, хто патрапіў пад рэпрэсіі прамаскоўскага лукашысцкага рэжыму, але і правесці максімальна жорсткую люстрацыю”. 

“Кожны супрацоўнік сілавых, а па-сутнасці, карных органаў рэжыму (КДБ, МУС, Следчага камітэту, пракуратуры і г.д.), які меў дачыненне да пераследу беларусаў за іх палітычную да грамадзянскую пазыцыю альбо прафэсійную дзейнасць <…> павінен пажыццёва быць пазбаўлены права службы ў дзяржаўных структурах і права абірацца ў органы ўлады, а іх служба прарасійскаму рэпрэсіўнаму рэжыму не павінна залічвацца ў працоўны стаж”, — падкрэслілі ў Радзе БНР.

Напярэдадні стала вядома, што накладзены арышт на бацькоўскі дом Дзікавіцкага. Нерухомасць знаходзіцца ў вёсцы Мястковічы Пінскага раёна (Брэсцкая вобласць).

Аб гэтым Дзікавіцкі паведаміў у “Фэйсбуку”.

Падставы невядомыя.

Тэлеканал “Белсат” створаны для вяшчання на Беларусь у 2007 годзе на падставе дамовы паміж МЗС Польшчы і вяшчальнікам TVP. У лістападзе 2021 года беларускія ўлады прызналі тэлеканал “экстрэмісцкім фарміраваннем”. За супрацоўніцтва з ім журналісты пераследуюцца ў крымінальным парадку.

Тэлеканал на працягу астатніх месяцаў праходзіць рэарганізацыю.

Падзяліцца: