Мінск 18:40

Дэмсілы абмеркавалі перспектывы свайго ўдзелу ва Усходнім партнёрстве з кіраўніком Сената Польшчы

Фота: Канцэлярыя Сенату Польшчы

9 кастрычніка, Позірк. Перспектывы ўдзелу дэмакратычных сіл Беларусі ў ініцыятыве ЕС “Усходняе партнёрства” абмеркаваны 8 кастрычніка на сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Паўла Латушкі і спікера Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай з кіраўніцай Сената Польшчы Малгажатай Кідава-Блоньскай.

Як паведаміла прэс-служба АПК, Латушка і Мельнікава “вылучылі ініцыятыву па правядзенні слуханняў і дыскусій, прысвечаных сітуацыі ў Беларусі ў сувязі з масавымі парушэннямі правоў чалавека, а таксама па супрацоўніцтве паміж камітэтамі і працоўнымі групамі Каардынацыйнай Рады і Сената Польшчы”.

Польскі бок, як паведамляецца, “выказаў зацікаўленасць у правядзенні ў парламенце Польшчы канферэнцыі, прысвечанай беларускай тэматыцы”.

“Польшча з’яўляецца лідарам сярод нашых партнёраў, якія падтрымліваюць дэмакратычную Беларусь, а таксама вядучай краінай у ЕС па выпрацоўцы палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі. Польшча нязменна праяўляе салідарнасць з беларускім грамадствам у нашым імкненні да незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі”, — падкрэсліў Латушка.

Латушка ўзняў пытанне падтрымкі Польшчай звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд наконт трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў, якія здзяйсняе рэжым Лукашэнкі, у тым ліку на тэрыторыі Польшчы.

“Вельмі важна, каб Польшча і іншыя дэмакратычныя краіны падтрымалі намаганні Літвы, скарыстаўшыся сваім правам згодна з артыкулам 14 Рымскага статута. Няхай справядлівасць возьме верх над беспакаранасцю. Гэтага жадае большасць беларусаў. Гэта тое, што нас яднае. Жаданне справядлівасці”, — сказаў кіраўнік НАУ.

Латушка праінфармаваў польскі бок аб працягу рэпрэсій у Беларусі, паведаміўшы, што толькі 8 кастрычніка Следчы камітэт распачаў крымінальныя справы супраць 45 чалавек, у тым ліку членаў Каардынацыйнай рады, якія былі абвінавачаныя ў датычнасці да спробы захопу ўлады.

На сустрэчы таксама прысутнічалі старшыня Камітэта па міжнародных справах Сената Гжэгаж Схетына, каардынатар па пытаннях Палоніі і палякаў за мяжой Роберт Тышкевіч.

Кідава-Блоньска “падкрэсліла важнасць актыўнай працы ў парламенце Польшчы групы за незалежную і дэмакратычную Беларусь”, сцвярджае АПК. Схетына зазначыў, што старшынства Польшчы ў Еўрасаюзе “стане добрай магчымасцю для дэманстрацыі падтрымкі дэмакратычных сіл і дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі”.

Тышкевіч “акцэнтаваў асаблівую ўвагу на старшынстве Польшчы ў ЕС у кантэксце дэманстрацыі не разавага падыходу да падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, а сістэмнага, які ахоплівае палітычныя, культурныя, эканамічныя пытанні і г.д., а таксама на важнасці паказаць еўрапейскую перспектыву для Беларусі”.

Схетына, як паведамляе прэс-служба Сенату, нагадаў, што ў 2025 годзе Польшча будзе старшынстваваць у Еўрасаюзе, а ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары.

“Мы гарачыя прадстаўнікі вашай справы. Мы пакажам, што варта падтрымаць барацьбу за сваю суб’ектыўнасць. Нагадаем, што ў Еўропе ёсць зусім недэмакратычная краіна, дзе людзі сядзяць у турме за свае погляды”, — сказаў ён.

20 сакавіка ў Бруселі на адкрыцці 11-й сесіі Парламенцкай асамблеі “Еўранэст” беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла аб неабходнасці пераасэнсаваць праграму ЕС “Усходняе партнёрства”.

Падзяліцца: