Мінск 20:00

У кожным рэгіёне Беларусі адкрытыя школьныя класы “Юны пракурор”

Андрэй Швед
Фота: Генпракуратура

9 кастрычніка, Позірк. Школьныя класы “прававой накіраванасці” “Юны пракурор” адкрытыя ў кожным рэгіёне Беларусі, вынікае са слоў генеральнага пракурора Андрэя Шведа, які выступіў 9 кастрычніка на адкрыцці такога класа ў гімназіі №1 Брэста.

Відэафрагмент выступу Шведа апублікаваў тэлеграм-канал Генеральнай пракуратуры.

“Сёння, адкрываючы пракурорскі клас (як мы яго называем) на Брэстчыне, завяршаем працу, якую пачалі летась па стварэнні ў кожным рэгіёне профільнага класа. Чаму мы гэта робім, навошта нам гэта трэба? Не толькі органы пракуратуры, але і нашы калегі з іншых праваахоўных органаў, ваенізаваных структур ствараюць падобнага роду класы ў школах. Гэта трэба для таго, каб мы з вамі гадавалі сапраўдных патрыётаў нашай радзімы”, — сказаў Швед.

У згаданых класах, паводле яго сцвярджэння, дзеці “ў абавязковым парадку будуць знаёміцца з працай пракурораў і іншых праваахоўных органаў” і насіць форму, падобную на касцюмы работнікаў пракуратуры.

Паводле слоў Шведа, будуць праводзіцца мерапрыемствы, “калі дзеці выязджаюць і на агляды месцаў здарэння і прысутнічаюць у зале судовага пасяджэння, знаёмяцца ў раённых пракуратурах у абласных пракуратурах непасрэдна з працай пракурораў”.

“Другая важная частка працы — ідэалагічная, маральная, — сказаў Швед. — Калі мы даем прысягу, я маю на ўвазе работнікаў органаў пракуратуры, мы гаворым пра маральную чысціню. Дзеці павінны дакладна разумець, што за гэтым стаіць. Пракурорскі работнік не толькі на працоўным месцы ўвасабляе дзяржаву, справядлівасць, законнасць, але і ў паўсядзённым жыцці павінен для навакольных несці гэтую місію”.

Важна, адзначыў пракурор, каб дзеці разумелі “ўсю адказнасць за лёс дзяржавы, былі гатовыя да яе абароны і даражылі традыцыямі, якія перадалі папярэднія пакаленні”.

Швед перадаў гімназіі выданні пра гісторыю пракуратуры, а таксама кнігі “Генацыд беларускага народа”, “Генацыд беларускага народа”. Лагеры смерці ” і “Генацыд беларускага народа. Карныя аперацыі. Частка 1”.

Упершыню класы “Юны пракурор” з’явіліся ў 2023 годзе ў Магілёве. Затым такія ж класы адкрылі ў Гродне, Дзяржынску, Гомелі.

Афіцыйны ідэалагічны складнік у адукацыі і актывізацыя “патрыятычнага выхавання” ў духу лаяльнасці да дзейнай улады (і Расіі) узмацніўся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і масавых пратэстаў, якія рушылі ўслед.

Улады ствараюць Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання на базе Брэсцкай крэпасці. На яго будаўніцтва сродкі збіраюцца праз ахвяраванні.

Праца па “патрыятычным, грамадзянскім выхаванні” ў Беларусі “сёння пачынаецца ў дзіцячым садку”, заявіў 16 чэрвеня міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Пяць службовых асоб было прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці ў Віцебскай вобласці за тое, што ў рэгіёне “праца па грамадзянскім і ваенна-патрыятычным выхаванні непаўналетніх арганізавана не ў дастатковай ступені”, паведаміла 6 жніўня Генеральная пракуратура.

У патрыятычнае выхаванне ўцягнута “ўсё насельніцтва”, сцвярджаў у снежні 2023 года памочнік міністра абароны па ідэалагічнай працы ва Узброеных сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Леанід Касінскі.

Паводле яго слоў, на той момант у беларускім войску дзейнічала 42 вайскова-патрыятычныя клубы, у якіх займалася “больш за паўтары тысячы дзетак”.

Кубракоў звярнуўся з прапагандысцкім лозунгам да дзяцей

28 верасня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў стварыла 136 ваенна-патрыятычных клубаў (ВПК), паведаміў яго кіраўнік Іван Кубракоў на іх першым "рэспубліканскім аглядзе-конкурсе" 28 верасня. Дзе ён праводзіцца, прэс-служба ведамства не ўдакладняе. Паводле сцвярджэння міністра, на мерапрыемстве сабраліся "сапраўдныя патрыёты". “Дарагія хлопцы, …
Падзяліцца: