Мінск 19:57

Лукашэнка назваў Эфіопію “сапраўдным сябрам” і запрасіў яе прэзідэнта ў Беларусь

Фота: agenzianova.com

9 кастрычніка, Позірк. Пра гатоўнасць падчас асабістай сустрэчы “абмеркаваць усе надзённыя тэмы і ўзгадніць шляхі паглыблення двухбаковага ўзаемадзеяння” заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 9 кастрычніка Тайе Ацке-Селасіе з абраннем на пасаду прэзідэнта Эфіопіі.

Ён “запрасіў калегу наведаць Беларусь з візітам”, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

“Упэўнены, што ваш шматгадовы дыпламатычны вопыт паслужыць павелічэнню канструктыўнай ролі Эфіопіі ў афрыканскім рэгіёне і вырашэнню праблем глабальнага парадку дня, — гаворыцца ў віншаванні. — Мінск і Адыс-Абебу здаўна звязваюць традыцыйна дружалюбныя адносіны. Іх гісторыя нашмат больш працяглая, чым 30 гадоў афіцыйных дыпламатычных адносін, якія мы адзначаем у гэтым годзе”.

Віншавальнік назваў Ацке-Селасіе “сапраўдным сябрам і апорай [Беларусі] у Афрыцы”, выказаўшы “зацікаўленасць у істотным нарошчванні дынамікі ўзаемадзеяння па шырокім спектры напрамкаў”.

Лукашэнка разлічвае, што Эфіопія “працягне падтрымліваць Беларусь у пытанні далучэння да БРІКС”. “Як дзяржава з самастойнай пазіцыяй, мы з’яўляемся цвёрдымі прыхільнікамі базавых прынцыпаў гэтага ўплывовага міжнароднага аб’яднання — шматпалярнасці, роўнасці і неўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў”, — падкрэсліў ён.

Парламент Эфіопіі выбраў 68-гадовага Ацке-Селасіе прэзідэнтам 7 кастрычніка, да гэтага той займаў пасаду міністра замежных спраў. Тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў у гэтай краіне — шэсць гадоў. Папярэднім прэзідэнтам была Сахле-Ворк Зеўдэ, абраная ў 2018-м.

Эфіопія з’яўляецца парламенцкай рэспублікай, прэзідэнт у сістэме дзяржкіравання выконвае пераважна прадстаўнічыя функцыі.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Эфіопіяй былі ўстаноўленыя ў 1994 годзе. Паводле даных МЗС, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 1,3 млн долараў. Больш актуальныя даныя на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства не прадстаўленыя.

Падзяліцца: