Мінск 04:01

Праблему смяротнага пакарання ў Беларусі трэба ўздымаць, каб грамадства рабілася лепшым — Палуда

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда
Архіўнае фота: праваабарончы цэнтр "Вясна"

10 кастрычніка, Позірк. Інфармацыя пра смяротныя прыгаворы і іх выкананне застаецца закрытай, заявіў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда ў каментарыі “Позірку” з нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання (10 кастрычніка).

У 2023 і 2024 гадах, наколькі вядома праваабаронцам, у Беларусі вынеслі два смяротныя прыгаворы.

Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку (Мінская вобласць) 19 кастрычніка 2023 года вынес смяротны прыгавор Аляксандру Таратуту, які забіў свайго трохгадовага сына.

24 чэрвеня Мінскі абласны суд (суддзя Алег Лапека) прыгаварыў да найвышэйшай меры пакарання грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера.

“Гісторыя з Крыгерам цёмная, да канца незразумелая, — адзначыў Палуда. — Яна паказвае, што смяротнае пакаранне як інстытут можа быць выкарыстанае ў палітычных мэтах. Чалавека прыгаварылі да смяротнага пакарання ў чэрвені, у ліпені памілавалі, а 1 жніўня стала вядома, што абмянялі”.

Немец быў прызнаны вінаватым на падставе шэрагу крымінальных артыкулаў, у тым ліку паводле ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), і ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму). Пазней быў памілаваны Лукашэнкам і перададзены нямецкаму боку ў рамках абмену вязнямі паміж РФ і Захадам.

Палуда падкрэсліў, што менавіта прынятыя ў мінулыя гады змены заканадаўства, якія пашырылі магчымасці прымянення смяротнага пакарання, дазволілі прыгаварыць замежніка да такой кары.

“Мяркуючы з інфармацыі дзяржаўнага тэлебачання, дзеянні Крыгера не прывялі ні да ахвяр, ні да нейкіх асаблівых пашкоджанняў маёмасці, — звярнуў увагу суразмоўца. — Аднак чалавеку вынеслі смяротны прыгавор. Гэта паказальная гісторыя, але кожная гісторыя са смяротным пакараннем асаблівая. Гэта лёсы людзей. Прычым не толькі тых, хто асуджаны і жыве ў чаканні смяротнага пакарання, але і іх сваякоў, якім не выдаецца цела”.

Нават проста існаванне інстытута свяротнага пакарання ўздзейнічае на грамадства і замацоўвае манаполію дзяржавы на гвалт, а прымяненне на практыцы — тым больш, падкрэсліў Палуда.

Ён адзначыў, што ў праваабаронцаў няма інфармацыі пра выкананне ў Беларусі смяротных прыгавораў у 2023 і 2024 гадах. На пачатку мінулага года стала вядома, што ў ліпені 2022-га быў пакараны смерцю Віктар Скрундзік.

Паводле слоў Палуды, закон не вызначае, калі пасля вынясення смяротнага прыгавору ён павінен быць прыведзены ў выкананне. Аднак звычайна гэта адбываецца на працягу года ад таго моманту, як прыгавор набыў моц.

“Ці пакараны Таратута, невядома. Калі не, то калі ўжо памілаваны замежны грамадзянін Крыгер, чаму не ажыццявіць той жа акт у дачыненні да грамадзяніна Беларусі?” — задаецца пытаннем праваабаронца.

Зрабіць гэта можа адзін чалавек — Аляксандр Лукашэнка. Камісія па памілаванні толькі выносіць рэкамендацыю, але рашэнне прымае менавіта ён, падкрэсліў Палуда.

Каардынатар абаліцыянісцкай кампаніі са шкадаваннем канстатаваў, што ў абстаноўцы закрытасці і масавых рэпрэсій грамадскасць не можа паўплываць на інстытут смяротнага пакарання. Аднак праблему яе існавання ў Беларусі неабходна ўздымаць, каб грамадства рабілася лепшым, каб людзі пераасэнсоўвалі гістарычныя падзеі і савецкі досвед, перакананы ён.

Тым больш што смяротны прыгавор выносіцца ад імя кожнага грамадзяніна Беларусі, адзначыў Палуда. Пры гэтым ён настойвае: апеляваць да таго, што беларусы з’яўляюцца прыхільнікамі пакарання смерцю, не варта.

У пацвярджэнне сваіх слоў ён нагадаў пра памілаванне ў кастрычніку 2021 года братоў Іллі і Станіслава Косцевых, якія былі прыгавораныя да найвышэйшай меры пакарання ў 2020-м. Цяпер яны адбываюць пажыццёвае зняволенне. “Рэакцыя грамадскасці была спакойнай, нават у горадзе, дзе яны жылі”, — адзначыў праваабаронца.

“Гэта прыклад таго, што нам гавораць, што беларусы прагаласавалі на рэферэндуме за захаванне смяротнага пакарання, значыць, з’яўляюцца і цяпер яго прыхільнікамі”, — дадаў Палуда, маючы на ўвазе, што насамрэч сітуацыя іншая.

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе працягваюць прымяняць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў расстраляна каля 400 прыгавораных да найвышэйшай меры пакарання. Вядома толькі некалькі выпадкаў памілавання.

Пытанне аб скасаванні смяротнага пакарання было вынесена на рэферэндум у 1996 годзе. Паводле афіцыйных даных, супраць выказалася 80,4% грамадзян, якія ўзялі ўдзел у галасаванні.

Падзяліцца: