Мінск 16:24

Адвакаты правоў чалавека: У Беларусі высокая рызыка прымянення смяротнага пакарання да невінаватага чалавека

Крыніца: сацсеткі асацыяцыі

10 кастрычніка, Позірк. Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека выступае за поўнае скасаванне смяротнага пакарання ў Беларусі, гаворыцца ў заяве арганізацыі з нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання (10 кастрычніка).

“Лічым, што гэтае пакаранне супярэчыць міжнародным стандартам правоў чалавека, не стрымлівае злачыннасць і не садзейнічае пабудове бяспечнага гуманнага грамадства, — адзначае асацыяцыя. — Судовая сістэма Беларусі ўжо доўгі час не адпавядае прынцыпам законнасці, справядлівасці і гуманізму, у такіх умовах высокая рызыка прымянення смяротнага пакарання да невінаватага чалавека”.

На думку юрыстаў, “цяпер смяротнае пакаранне выкарыстоўваецца ўладамі Беларусі для запалохвання грамадства, для прымянення новых рэпрэсіўных практык”.

У заяве нагадваецца, што ў 2022–2023 годзе ў КК былі ўнесеныя змены, якія прадугледжваюць прымяненне смяротнага пакарання за здзяйсненне злачынстваў, не звязаных з забойствам пры абцяжарвальных абставінах, а таксама за асобныя няскончаныя злачынствы. Акрамя таго, дэ-факта ўлада “выкарыстоўвае смяротнае пакаранне як інструмент палітычнага пераследу”.

У 2023 і 2024 гадах, наколькі вядома праваабаронцам, у Беларусі вынеслі два смяротныя прыгаворы.

Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку (Мінская вобласць) 19 кастрычніка 2023 года вынес смяротны прыгавор Аляксандру Таратуту, які забіў свайго трохгадовага сына.

24 чэрвеня Мінскі абласны суд (суддзя Алег Лапека) прыгаварыў да найвышэйшай меры пакарання грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера (пазней памілаваны і аддадзены ФРГ).

У праваабаронцаў няма інфармацыі аб выкананні ў Беларусі смяротных прысудаў у 2023 і 2024 гадах. У пачатку мінулага года стала вядома, што ў ліпені 2022-га быў пакараны смерцю Віктар Скрундзік.

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе працягваюць прымяняць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у Беларусі расстраляна каля 400 прыгавораных да найвышэйшай меры пакарання. Вядома толькі некалькі выпадкаў памілавання.

Пытанне пра скасаванне смяротнага пакарання было вынесена на рэферэндум у 1996 годзе. Паводле афіцыйных даных, супраць выказалася 80,4% грамадзян, якія ўзялі ўдзел у галасаванні.

Праблему смяротнага пакарання ў Беларусі трэба ўздымаць, каб грамадства рабілася лепшым — Палуда

10 кастрычніка, Позірк. Інфармацыя пра смяротныя прыгаворы і іх выкананне застаецца закрытай, заявіў каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда ў каментарыі "Позірку" з нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання (10 кастрычніка). У 2023 і 2024 гадах, наколькі вядома праваабаронцам, у Беларусі вынеслі …
Падзяліцца: