Мінск 11:28

Экс-амбасадар Польшчы Міхальскі ўзнагароджаны медалём АПК “За плённую працу на карысць Беларусі”

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

11 кастрычніка, Позірк. Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святлана Ціханоўская 10 кастрычніка ў Вільнюсе ўзнагародзіла медалём “За плённую працу на карысць Беларусі” былога амбасадара Польшчы ў Беларусі (2018–2023) Артура Міхальскага.

Як паведаміла “Позірку” прэс-служба дэмакратычнага лідара, Міхальскаму былі выказаныя словы падзякі за “шматгадовую працу на карысць беларуска-польскіх адносін і ўмацаванне падтрымкі дэмакратычнай Беларусі”.

“Ад імя ўсіх беларусаў хачу ад душы падзякаваць амбасадару Артуру Міхальскаму за непахісную падтрымку і шчырае сяброўства. Польшча, дзякуючы ў тым ліку вам, стала для тысяч беларусаў надзейным прытулкам у самыя цяжкія часы. Вы заўсёды стаялі з намі, абараняючы нашы агульныя каштоўнасці — свабоду і годнасць,” — адзначыла Ціханоўская.

Яна падкрэсліла, што ўнёсак Міхальскага ва ўмацаванне сяброўства паміж Беларуссю і Польшчай “застанецца неацэнным”, і выказала надзею, што сяброўства і супраца працягнуцца.

3 кастрычніка стала вядома, што кантэнт старонкі Міхальскага ў сацыяльнай сетцы Х прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі” на падставе рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 25 верасня.

Цяпер Міхальскі займае пасаду ўпаўнаважанага польскага міністра замежных спраў па супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Падзяліцца: