Мінск 17:00

Муйжніекс стаў новым спецдакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі

Архіўнае фота: politeka.net

11 кастрычніка, Позірк. Новым спецыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі абраны Нілс Раймандс Муйжніекс з Латвіі. Рашэнне было абвешчанае 11 кастрычніка, у апошні дзень 57-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ).

Муйжніекс нарадзіўся 31 студзеня 1964 года ў Лос-Анджэлесе (ЗША) у сям’і латышскіх эмігрантаў. Размаўляе на англійскай, латышскай, французскай і рускай мовах.

У 2012–2018 гадах Муйжніекс быў камісарам Савета Еўропы па правах чалавека. У 2020-2024 гадах займаў пасаду дырэктара Еўрапейскага рэгіянальнага офіса міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International.

Мандат спецдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі заснаваны ў 2012 годзе і з таго часу штогод падаўжаецца (апошні раз — сёлета ў красавіку).

З лістапада 2018 года пасаду займае францужанка Анаіс Марэн, яна пакіне яе 1 лістапада 2024-га. Яе апошні на пасадзе даклад “Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі” будзе разгледжаны на 79-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў кастрычніку.

Падзяліцца: