Мінск 05:40

Лукашэнка ратыфікаваў пагадненне з РФ аб распрацоўцы і вытворчасці самалёта “Асвей”

Меркаваны выгляд самалёта "Асвей"
Крыніца: сайт 558-га авіяцыйнага рамонтнага завода

11 кастрычніка, Позірк. Закон, які ратыфікуе міжурадавае пагадненне Беларусі і Расіі “аб распрацоўцы і арганізацыі серыйнай вытворчасці двухрухавіковага лёгкага шматмэтавага самалёта “Асвей”, падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла 11 кастрычніка яго прэс-служба.

Сцвярджаецца, што прыняцце гэтага закона “дазваляе стварыць у Беларусі ўмовы для фармавання ўласнай авіябудаўнічай галіны”.

Інвестыцыйны праект па распрацоўцы 19-мясцовага самалёта “Асвей” і арганізацыі яго серыйнай вытворчасці на базе 558-га авіяцыйнага рамонтнага завода (Баранавічы, Брэсцкая вобласць) рэалізуецца ў рамках комплекснай міжведамаснай праграмы па супрацы з РФ у галіне авіябудавання.

17 верасня згаданае пагадненне ратыфікавала Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Дакумент, як паведамлялася, закліканы вызначыць умовы і парадак вытворчасці як самога самалёта, так і камплектуючых да яго, “у інтарэсах нацыянальнай бяспекі і тэхналагічнага суверэнітэту” Беларусі і РФ.

За рэалізацыю доследна-канструктарскай працы па распрацоўцы самалёта адказваюць Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Беларусі і Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі. Галаўны выканаўца з расійскага боку — Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі, беларускі сувыканаўца — 558-ы авіяцыйны рамонтны завод.

Пра стварэнне сумеснага з Расіяй самалёта паведаміў 10 ліпеня 2023 года на Міжнароднай прамысловай выставе “Інерпрам-2023” у Екацярынбургу прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

Сёлета 28 студзеня Пётр Пархомчык, які тады займаў пасаду віцэ-прэм’ера (цяпер старшыня Брэсцкага аблвыканкама), заявіў у эфіры беларускага тэлебачання, што першыя беларуска-расійскія самалёты плануецца выпусціць “да 2026 года”, да 2030-га іх колькасць павінна скласці “85–100 адзінак”. Тады ён паведаміў, што для рэалізацыі праекта “трэба пабудаваць 20 тысяч квадратных метраў дадатковых вытворчых плошчаў і набыць каля сотні адзінак высокаскладанага абсталявання”.

15 красавіка Пархомчык і віцэ-прэм’ер РФ — міністр прамысловасці і гандлю Дзяніс Мантураў падпісалі ў Маскве пагадненне аб сумеснай вытворчасці лёгкага шматмэтавага самалёта “Асвей”.

558-ы авіярамонтны завод знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі.

Падзяліцца: