Мінск 23:26

Лукашэнка мае намер “павольна-павольна шкуру дзерці” з навукоўцаў за вынікі працы

Ілюстрацыйнае фота: kiddiemajigs.co.za

11 кастрычніка, Позірк. Навукоўцы павінны “даваць вынік”, гэта тычыцца “навуковай сферы ў цэлым”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 кастрычніка падчас паездкі ў Шклоўскі раён (Магілёўская вобласць).

“Я чаму вас катую так? Таму што мы з вас, навукоўцаў, пачнем павольна-павольна, па-народнаму кажучы, шкуру дзерці, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Вы павінны даць вынік. Перавага мая ў тым, што я з вамі працую не адзін дзясятак гадоў. У бліжэйшы час мы разбярэмся. Камісія зараз па Акадэміі навук працуе”.

“Вы там зараз адбіваецеся ўсяляк, пачынаюць плакацца. А чаго плакацца? Камісія працуе з ліку навукоўцаў і правярае Акадэмію навук вельмі сур’ёзна. Я хачу зрабіць выснову па кадрах: можна працаваць з гэтымі кіраўнікамі інстытутаў і гэтак далей ці не. Вось мы і паразмаўляем на гэтую тэму”, — сказаў ён.

18 чэрвеня Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб стварэнні працоўнай групы па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук (НАН). Першае пасяджэнне групы, у якое ўвайшло 14 чалавек, прайшло праз тыдзень, 25 чэрвеня, пад старшынствам кіраўніка Камітэта дзяржкантролю Васіля Герасімава. Ёй належыць вывучаць пытанні практыкаарыентаванасці і рэзультатыўнасці навуковых даследаванняў і распрацовак навукоўцаў, іх укаранення ў эканоміку і сацыяльную сферу; імпартазамяшчэння; экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі.

Праз месяц, 30 ліпеня, Лукашэнка патлумачыў, чаму было вырашана стварыць гэтую групу. Паводле яго слоў, НАН апошнім часам “дапускала сур’ёзныя пралікі”.

Пасля падзеяў 2020 года рэпрэсіі закранулі ў тым ліку сферу навукі і адукацыі. Пераслед зазналі студэнты, прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці, навукоўцы; многія былі адлічаныя або звольненыя, пазбаўленыя волі, вымушана пакінулі краіну. Ва ўніверсітэтах з’явіліся прарэктары па бяспецы і кадрах, якія фактычна адказваюць за палітычную лаяльнасць у ВНУ. У школах сталі масава ствараць “класы ваенна-патрыятычнай скіраванасці”. Не падоўжылі ліцэнзіі большасці прыватных школ, спыняюць працу нешматлікія недзяржаўныя ВНУ.

Падзяліцца: