Мінск 01:20

Дэмсілы анансавалі хуткае пашырэнне кола партнёраў Міжнароднага гуманітарнага фонду

Ілюстрацыйнае фота: Austin Kehmeier / unsplash.com

11 кастрычніка, Позірк. Пра хуткае пашырэнне кола партнёраў Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі беларускім палітвязням было заяўлена 11 кастрычніка на пасяджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК).

Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, запрошаны на пасяджэнне галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў удзельнікам сустрэчы пра “зрухі ў справе стварэння міжнароднага фонду дапамогі рэпрэсаваным і іх сем’ям, заснавальніцай якога раней выступіла Нарвегія, зрабіўшы першы грашовы ўнёсак”.

“Пасля перамоў у Осла (Ціханоўская наведвала Нарвегію на гэтым тыдні. — “Позірк”.) стала вядома, што найбліжэйшым часам да фонду далучацца яшчэ некалькі краін Еўропы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Прадстаўнік АПК па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Уладзімір Астапенка паведаміў удзельнікам пасяджэння пра падрыхтоўку да “Стратэгічнага дыялогу з ЗША, які мае адбыцца на пачатку снежня 2024 года”, “узгадненне падыходаў да правядзення ацэнкі запатрабаванняў беларускай грамадскай супольнасці”, а таксама пра “шэраг мерапрыемстваў “Тыдня Беларусі” ў Бруселі, запланаванага на сярэдзіну снежня”.

Пра фармаванне Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі беларускім палітвязням было абвешчана сёлета ў красавіку падчас візіту Ціханоўскай у Нарвегію. Афіцыйны Осла стаў першым, хто заявіў, што зробіць унёсак — 10 млн нарвежскіх крон (каля 850 тыс. еўра).

Напрыканцы траўня міністр міжнароднага развіцця, супрацы і знешняга гандлю Швецыі Ёхан Форсель паведаміў, што Стокгольм выдзеліць 5 млн шведскіх крон (каля 430 тыс. еўра) для фонду.

Падзяліцца: