Мінск 20:23

Плодаагароднінная прадукцыя ў верасні падаражэла амаль на 15% — Нацбанк

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

12 кастрычніка, Позірк. Цэны на плодаагароднінную прадукцыю (сезонныя тавары) у верасні выраслі на 14,9% (у жніўні — на 18,9%, ліпені — на 15,1%), вынікае з апублікаванага Нацыянальным банкам агляду інфляцыйных працэсаў.

Базавая інфляцыя (не ўлічвае сезонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта мяняюцца ў цане ў кароткатэрміновай перспектыве або рэгулююцца дзяржавай) склала 5,1% (4,8%, 4,7%).

Рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы выраслі на 6,6% (7,4%, 7,6%).

Агрэгаваны паказчык трэндавай інфляцыі (індыкатар інфляцыі, вычышчаны ад уплыву рознага роду шокаў) склаў 5,3% (5,4%, 5,4%).

Паводле даных Белстата, спажывецкія цэны ў верасні 2024 года выраслі на 0,44%, ад пачатку года — на 3,8%, за 12 месяцаў (верасень да верасня) — на 6%.

28 сакавіка на нарадзе аб працы банкаўскай сістэмы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўрад “зрабіў пэўныя захады, каб узяць пад кантроль сістэму цэнаўтварэння” і сёння “ў нейкай ступені” стрымліваць рост цэн атрымліваецца. Паводле яго слоў, ад практыкі дзяржрэгулявання цэн у Беларусі “не адступяць”.

“Сістэма кантролю за цэнаўтварэннем, за гэтым усім комплексам будзе толькі ўзмацняцца. Такая задача пастаўленая перад урадам. Я прашу мець гэта на ўвазе і Нацыянальнаму банку, і рабіць усё неабходнае, каб людзі менш на нас крыўдзіліся ў сувязі з ростам цэн, інфляцыяй у краіне”, — сказаў Лукашэнка.

На думку даследчага цэнтра BEROC, пры захаванні татальнага цэнавага кантролю спажывецкія цэны вырастуць на 5–7% па выніках 2024 года. Назапашаны інфляцыйны навес будзе паступова прасочвацца ў фактычныя цэны, і ў 2025 годзе інфляцыя можа паскорыцца да 6–9%.

Згодна з найважнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, інфляцыя не павінна перавысіць 6%.

Міжнародны валютны фонд прагназуе, што рост цэн па выніках года складзе 6%, Еўразійскі банк развіцця — 8%, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — 5,8%.

У 2023 годзе цэны выраслі на 5,8%.

Падзяліцца: