Мінск 17:15

У Беларусі маюцца выпадкі заражэння варыянтам каранавіруса ХЕС

Ілюстрацыйнае фота: Geralt / unsplash.com

12 кастрычніка, Позірк. COVID-19, “на жаль, нікуды не знік”, ён “па-ранейшаму цыркулюе”, заявіў намеснік галоўнага ўрача Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Рыгор Гяцюк 11 кастрычніка ў эфіры “Радыё-Мінск”, каментуючы сітуацыю з захваральнасцю на кавід у сталіцы.

Не прыводзячы канкрэтных даных, ён паведаміў, што ў параўнанні з мінулым годам колькасць выпадкаў захворвання ў 2024-м знізілася.

“Калі параўноўваць [сёлетнія] верасень і кастрычнік, то мы адзначаем, што ў верасні адзначаўся некаторы рост захваральнасці на COVID-інфекцыю, але вось у кастрычніку — на 17% ніжэй (без пазначэння абсалютнага ліку. — Позірк.). Таму мы спадзяемся, што сітуацыя не будзе далей выходзіць з-пад кантролю”, — сказаў Гяцюк.

Урач паведаміў, што цяпер, прынамсі, у Мінску цыркулюе штам амікрон і яго новыя падвіды — FLiRT і XEC.

“Мы пакуль не схільныя прадбачыць нейкую экстраную сітуацыю, — заявіў ён. — Я не думаю, што яны будуць значна ўплываць на эпідэміялагічнае становішча. Нашыя ўстановы гатовыя — гатовыя для дыягностыкі, гатовыя для аказання медыцынскай дапамогі, таму, я думаю, сітуацыя будзе кантраляванай”.

Паводле слоў Гецюка, у Беларусі кавід ужо аднесены да сезоннага захворвання, з’яўленне новых выпадкаў, “як правіла, супадае з перыядам уздыму вострых рэспіраторных інфекцый”.

Прадстаўнік сталічнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі рэкамендаваў грамадзянам зрабіць прышчэпку ад кавіда. “Цяпер мы чакаем пастаўку вакцыны “Спутнік Лайт”, якая ўжо будзе з актуальнымі штамамі COVID-інфекцыі, што цыркулюе зараз. Таму лепш, вядома, зрабіць прышчэпку, каб засцерагчы сябе ад захворвання і ад цяжкіх нейкіх ускладненняў”, — сказаў урач.

29 верасня Міністэрства аховы здароўя заявіла, што ў краіне не выяўлены варыянт каранавіруса ХЕС.

Пра сітуацыю з захваральнасцю і смяротнасцю ад COVID-19 Мінздароўя не інфармуе насельніцтва з пачатку ліпеня 2022 года.

На той момант афіцыйна паведамлялася, што пандэмія забрала жыццё 7.118 беларусаў. У той жа час ініцыятыва беларускіх медыкаў “Белыя халаты” ў сваім даследаванні, спасылаючыся на артыкул у адным з самых аўтарытэтных медыцынскіх часопісаў The Lancet, заявіла пра смяротнасць на ўзроўні 81,6–93,4 тыс. чалавек.

У тым жа даследаванні гаварылася пра “блытаніну” ў рэалізацыі праекта вытворчасці айчыннай вакцыны супраць COVID-19.

Падзяліцца: