Мінск 04:27

Палітолага Суздальцава будуць судзіць у Маскве за “крытыку Лукашэнкі”

Крыніца: сайт факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі НДУ ВШЭ

13 кастрычніка, Позірк. Лефортаўскі суд Масквы 15 кастрычніка пачне разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітолага, публіцыста Андрэя Суздальцава.

З раскладу пасяджэнняў на адпаведным інтэрнэт-партале вынікае, што справа ўзбуджаная паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 128.1 Крымінальнага кодэкса РФ (паклёп).

Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула — пяць гадоў пазбаўлення волі, мінімальнае — грашовы штраф.

Грамадскі дзеяч Раман Юнэман сцвярджае ў сваім тэлеграм-канале, што Суздальцава будуць судзіць “за крытыку [Аляксандра] Лукашэнкі з прарасійскіх пазіцый”.

“Андрэй Іванавіч 13 гадоў працаваў у Беларусі, — напісаў Юнэман. — Ён адзін з найлепшых у РФ экспертаў у гэтай краіне. І ўжо даўно вядомы як паслядоўны крытык рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Прычым выключна з прарасійскіх пазіцый: ён цалкам справядліва лічыць, што РБ толькі імітуе інтэграцыю і стварэнне Саюзнай дзяржавы, бясконца зацягвае працэс, а на міжнародным узроўні беларускія ўлады праводзяць хітрую шматвектарную палітыку, атрымліваючы пры гэтым ад Расіі велізарныя льготы і зніжкі”.

Паводле слоў Юнэмана, справа ў дачыненні да 63-гадовага Суздальцава распачатая паводле пазову амбасады Беларусі ў Расіі.

11 студзеня гэтага года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызнала “экстрэмісцкім фарміраваннем” групу грамадзян, “аб’яднаных пад агульнай назвай і кіраўніцтвам грамадзяніна Расіі Суздальцава А.І.”.

Адзначалася, што “фарміраванне” пад назвай “Андрэй Суздальцаў” вядзе “экстрэмісцкую дзейнасць як на тэрыторыі Расіі, так і Беларусі”.

Асацыяваным з гэтым “экстрэмісцкім фарміраваннем” рэсурсам у пераліку пазначаны тэлеграм-канал Суздальцава (не абнаўляецца з чэрвеня, колькасць падпісчыкаў цяпер 3,7 тыс.).

Суздальцаў — прыхільнік ідэалогіі “рускага свету”, падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне, шматгадовы крытык Лукашэнкі і яго палітыкі.

У 2006 годзе ўлады з прычыны “пагрозы нацыянальнай бяспецы” пазбавілі яго віду на жыхарства ў Беларусі, дэпартавалі і забаранілі ўезд у краіну на 5 гадоў. Цяпер працуе ў Нацыянальным даследчым універсітэце “Вышэйшая школа эканомікі” (РФ).

Улетку мінулага года кантэнт яго тэлеграм-канала быў прызнаны ў Беларусі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Падзяліцца: