Пасля візіту Лукашэнкі ў Абхазію падкантрольнай яму кампаніі перададзена 20 га зямлі на беразе мора — БРЦ
13 кастрычніка, Позірк. 200 тыс. квадратных метраў (20 га) зямлі была перададзена падкантрольнай Аляксандру Лукашэнку кампаніі пасля яго візіту ў гэтую самаабвешчаную рэспубліку 28 верасня 2022 года, вынікае з публікацыі Беларускага расследвальніцкага цэнтра (БРЦ).
Аўтары звяртаюць увагу, што на наступны дзень пасля візіту Лукашэнкі ўрад Абхазіі зацвердзіў прапанову аб перадачы зямлі таварыству з абмежаванай адказнасцю “Жамчужына 2010”.
Праз месяц, гаворыцца ў расследаванні, на абхазскім тэлебачанні выйшаў сюжэт, у якім “паведамілі аб выдзяленні гэтых 20 га зямлі для рэалізацыі буйнога інвестыцыйнага праекта” — будаўніцтва ў сяле Кындыг Ачамчырскага раёна, на беразе Чорнага мора санаторна-курортнага комплексу.
“Плануемы аб’ём інвестыцый — 15 млрд расійскіх рублёў (каля 260 млн долараў на той момант). ТАА “Жамчужына 2010″ зарэгістравана ў Абхазіі і на 90% належыць грамадзяніну Беларусі, на 10% грамадзяніну Абхазіі”, — цытуе тэлерэпартаж БРЦ.
Прозвішчы ўладальнікаў кампаніі журналісты-расследвальнікі даведаліся дзякуючы даным Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асоб Абхазіі. Высветлілася, што гэта беларуская юрыдычная асоба “Тэрмалія” і абхазскі грамадзянін Дато Квіцынія.
Адзначаецца, што ТАА “Тэрмалія” было зарэгістравана ў Мінску 22 ліпеня 2022 года — за два месяцы да візіту Лукашэнкі ў Абхазію. Яе дырэктарам і адзіным уладальнікам стаў Аляксандр Раманоўскі, былы супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі.
У расследаванні гаворыцца, што Раманоўскі раней быў саўладальнікам ТАА “Глобалкастам”, звязанага з найбліжэйшым паплечнікам Лукашэнкі і экс-кіраўніком яго ўпраўлення справамі Віктарам Шэйманам.
Таксама БРЦ удалося высветліць, што Дато Квіцынія практычна не ўдзельнічае ў дзейнасці “Жамчужыны 2010”. У размове з журналістамі ён сказаў, што “не кіруе кампаніяй і быў патрэбны толькі для афармлення дакументаў”.
“Я наогул не ў курсе… Паперы, па-мойму, на мяне зробленыя. Я нават не ў курсе, што там робяць, што не робяць”, — сказаў ён.
Паводле слоў Квіцыніі, за ўдзел у стварэнні кампаніі яму заплацілі “невялікую суму”. “За дарогу, што я ездзіў, мае паслугі, а так, каб мне заплацілі… Асабліва вялікай сумы не далі”, — дадаў ён.
Пры гэтым Квіцынія паведаміў, што ад яго імя па генеральнай даверанасці дзейнічае Зорык Чконія. БРЦ называе яго “былым палявым камандзірам часоў грузіна-абхазскага канфлікту, які атрымаў званне “Герой Абхазіі”.
Цяпер, паводле звестак журналістаў-расследвальнікаў, ён займае пасаду кіраўніка адміністрацыі вёскі Кындыг, дзе размешчаны ўчастак, выдзелены для “Жамчужыны 2010”. Таксама ён уваходзіць у “нефармальны кансультатыўны орган, з якім абхазскі прэзідэнт [Аслан Бжанія] праводзіў нарады па важных для краіны рашэннях (у апошні раз — у верасні 2022 года)”, падкрэсліваецца ў публікацыі.
У расследаванні адзначаецца, што Чконія і Бжанія родам з Ачамчырскага раёна. Пры гэтым “сям’і Чконіі належыць ключавы актыў у раёне — тэрмальныя крыніцы, якімі славіцца Кындыг”.
Брат Чконіі Нугзар, як сцвярджаецца, з’яўляецца “даверанай асобай крымінальнага аўтарытэта па мянушцы “Палтава”, які <…> да верасня 2017 года кантраляваў “абшчак” у Адэсе”.
“У Адэсе некаторы час жыў і намінальны саўладальнік “Жамчужыны 2010” Дато Квіцынія, які, мяркуючы па сацсетках, з’яўляецца пляменнікам братоў Чконія. Зорык Чконія, згодна з яго профілем ў “Аднакласніках”, скончыў Адэскі політэхнічны універсітэт”, — паведамляецца ў расследаванні.
З гэтым украінскім горадам, удакладняе БРЦ, звязаны і Шэйман: “Пад Адэсай нарадзіўся яго сын, а ў самім горадзе працягваюць жыць сваякі яго былой жонкі. На адну з іх, Ганну Хмялеўскую, была зарэгістраваная звязаная з Шэйманам кампанія “Глобалкастом”.
“Менавіта Віктар Шэйман і яго людзі, а не клан Чконія ці сам Аляксандр Раманоўскі, фактычна кіруюць “Жамчужынай 2010″. Пра гэта сведчыць перапіска з афіцыйнымі асобамі Абхазіі. БРЦ даведаўся пра гэта дзякуючы дакументам, прадстаўленым аб’яднаннем былых сілавікоў Беларусі BelPol”, — заяўляюць расследвальнікі.
Яны звяртаюць увагу, што “ў адным з лістоў за красавік 2023 года міністр падаткаў і збораў Абхазіі называе кіраўнічым партнёрам кампаніі ТАА “Жамчужына 2010″ Мікалая Селіванава”. “За сем месяцаў да гэтага Селіванаў займаў пасаду першага намесніка кіраўніка спраў Лукашэнкі. Яго непасрэдным начальнікам з 2013 па 2021 год быў Віктар Шэйман”, — адзначаецца ў расследаванні.
“У іншым дакуменце, таксама ад красавіка 2023-га, міністр замежных спраў Абхазіі звяртаецца да самога Віктара Шэймана, называючы яго спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У лісце абмяркоўваецца пытанне пазбягання падвойнага падаткаабкладання для рэзідэнта Абхазіі — ТАА “Жамчужына 2010”, — гаворыцца ў публікацыі БРЦ.
Журналісты робяць акцэнт на прысутнасці Шэймана на перамовах Лукашэнкі і Бжаніі як у Абхазіі ў верасні 2022-га, так і ў Мінску ў лютым 2023-га, калі кіраўнік рэспублікі наведваў Беларусь з візітам у адказ.
“Падчас абмеркавання выдзялення ўчастка ў кастрычніку 2022 года дэпутаты парламента Абхазіі папярэджвалі, што, калі на працягу трох гадоў не пачнецца будаўніцтва [санаторна-курортнага комплексу], зямлю могуць забраць у інвестара. Аднак праз два гады пасля перадачы ўчастка “Жамчужыне 2010″ узвядзенне комплексу так і не пачалося. На спадарожнікавых здымках, зробленых у канцы жніўня 2024 года, відаць, што тэрыторыя застаецца незасвоенай”, — заяўляецца ў расследаванні.
Пры гэтым, дадае БРЦ, праект “можа лічыцца пачатым”, калі “дзейнасць на ўчастку будзе намінальнай”. Для гэтага дастаткова “зрабіць агароджу”.
Паводле ацэнкі БРЦ, кошт участка “можа складаць мільёны долараў”.
Як раней паведамлялася, падчас неанансаванага візіту ў Піцунду 28 верасня 2022 года Лукашэнка на сустрэчы з Бжаніяй заявіў: “Настальгія ніколі не пакідае нас. У далёкія часы, можа быць, у 25–27 гадоў я быў на гэтай святой зямлі. Натуральна, не прэзідэнтам. Можна сказаць, звычайным чалавекам, дэпутатам парламента”.
Паводле яго слоў, прыезд беларускай дэлегацыі ў Абхазію не быў звязаны “з нейкай асаблівай сітуацыяй”. Лукашэнка назваў рэспубліку “райскім кутком”, а яе жыхароў — “святымі людзьмі”. “Мы хочам наладзіць не проста мост дружбы, а вельмі сур’ёзныя адносіны”, — заявіў ён.
Пасля гэтага яго зносіны з Бжаніяй “працягнуліся за зачыненымі дзвярыма”.
21 лютага 2023 года Лукашэнка прыняў Бжанію ў Мінску.
Грузінскія ўлады раскрытыкавалі Мінск за падобныя кантакты Лукашэнкі ў абыход Тбілісі.
Абхазія — самаабвешчаная дзяржава на тэрыторыі Грузіі. Яе незалежнасць прызнаюць Расія, Нікарагуа, Венесуэла, Науру і Сірыя. Пасля ўзброенага канфлікту 2008 года, у якім Абхазію актыўна падтрымала Расія, Тбілісі дэ-факта страціў кантроль над гэтай тэрыторыяй.
Юрыдычна Беларусь не прызнала незалежнасць Абхазіі.
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за 11 месяцаў 2024 года выраслі на 23,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаШосты дзень запар актыўнасць нелегальных мігрантаў фіксуецца толькі на польскім напрамкуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+