Улады абяцаюць павялічыць да 40% уклад малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП
15 кастрычніка, Позірк. Да 2040 года суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва змогуць генераваць да 40% валавога ўнутранага прадукту (ВУП), вынікае з праекта Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця-2040 (НСУР).
Частку дакумента, што датычыцца прадпрымальніцтва, апублікавала прэс-служба Міністэрства эканомікі.
Для дасягнення “стратэгічнай мэты” 40% ВУП у праекце НСУР прадугледжаны “комплекс мер”, адзначае ведамства. Сярод іншага мяркуецца “далейшае спрашчэнне і забеспячэнне стабільнасці прававога рэгулявання” і правядзенне “абавязковай ацэнкі рэгулятарнага ўздзеяння”. Пры гэтым “для стымуляцыі бізнесу” абяцана “максімальна магчымую” колькасць адмінпрацэдур перавесці ў электронны фармат.
Таксама НСУР прадугледжвае падтрымку прадпрымальніцтва праз “удасканаленне інстытуцыйнай інфраструктуры для прадастаўлення дзелавых паслуг бізнесу, дыверсіфікацыю інструментаў дзяржаўнай фінансавай падтрымкі, развіццё новых інвестыцыйных прадуктаў на нацыянальным фінансавым рынку”.
Згодна з дакументам, улады таксама нацэленыя на “маштабаванне тэхналагічнага прадпрымальніцтва”. Заяўляецца, што далейшае развіццё атрымаюць “суб’екты навукова-інавацыйнай інфраструктуры ў рэгіёнах”, якія стануць “цэнтрамі прыцягнення эканамічных, кадравых і навуковых рэсурсаў”.
Акрамя гэтага, запланаваная “падрыхтоўка сучасных прафесійных кадраў”, што, як сцвярджаецца, будзе “спрыяць дынамічнаму развіццю канкурэнтаздольнага малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, паляпшэнню яго галіновай структуры, стварэнню новых высокапрадукцыйных працоўных месцаў”.
Пры гэтым у цэлым НСУР прапануе “захаваць курс на стварэнне прывабных умоў для разняволення дзелавой ініцыятывы грамадзян”. Гэта і іншае, адзначаецца ў стратэгіі, будзе матываваць на адкрыццё ўласнай справы “прадпрымальных людзей незалежна ад сацыяльнага статусу і ўзросту”.
Праект Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2040 года быў вынесены на грамадскае абмеркаванне Міністэрствам эканомікі 25 верасня. Аўтары дакумента мяркуюць, што “ключавым стратэгічным вектарам развіцця эканамічнай інтэграцыі” застанецца “паглыбленне двухбаковай інтэграцыі” з РФ.
Паводле інфармацыі Белстата, на 1 студзеня 2024 года ў Беларусі было 252.482 індывідуальных прадпрымальнікаў (на 1 студзеня 2023 года — 262.697 ІП).
На 1 студзеня 2023 года ў Беларусі гаспадарчую дзейнасць ажыццяўлялі 263 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў і 113 тыс. арганізацый малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку 100 тыс. мікраарганізацый (88% ад агульнай колькасці арганізацый малога і сярэдняга прадпрымальніцтва), 11 тыс. малых арганізацый (10%) і 2 тыс. сярэдніх арганізацый (2%).
Годам раней у Беларусі працавала 111.908 арганізацый малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і 273.120 ІП.
Са жніўня 2021 года ў Мінску была прыпыненая рэгістрацыя індывідуальных прадпрымальнікаў. Незадоўга да прыняцця гэтага рашэння Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада “навесці парадак у дзейнасці ІП і самазанятых”.
З 1 кастрычніка гэтага года ў Беларусі перасталі рэгістраваць індывідуальных прадпрымальнікаў па відах дзейнасці, якія не трапілі ў спіс дазволеных для ІП. Індывідуальныя прадпрымальнікі могуць займацца 127 відамі дзейнасці, вынікае з пастановы ўрада № 457 ад 28 чэрвеня.
22 красавіка Лукашэнка падпісаў закон па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці. Дакумент устанаўлівае “абноўленую архітэктуру прадпрымальніцтва”, якая прадугледжвае “дзве катэгорыі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю: юрыдычныя і фізічныя асобы”.
Да юрыдычных асоб аднесеныя малыя арганізацыі з колькасцю працуючых да 100 чалавек, сярэднія — да 250 і буйныя — звыш 250, да фізічных асоб — рамеснікі, уладальнікі аграэкасядзіб, самазанятыя, індывідуальныя прадпрымальнікі.
Праца ў якасці юрыдычнай асобы мае на ўвазе выкарыстанне адрознай юрыдычнай і падатковай базы ў параўнанні з той, па якой працавалі ІП. Эксперты адзначылі ў каментары “Эканамічнай газеце”, што новаспечаныя юрыдычныя асобы могуць сутыкнуцца з праблемай няведання заканадаўства і дапускаць памылкі ў выплаце падаткаў.
13 кастрычніка ў эфіры тэлеканала АНТ дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Вольга Русіновіч паведаміла, што новым механізмам перарэгістрацыі ў камерцыйную арганізацыю на дадзены момант скарысталася 100 індывідуальных прадпрымальнікаў.
Унёсак суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў ВУП Беларусі за 2022 год склаў 25,7%, паведамляў Белстат. У 2023 годзе гэты паказчык склаў 25,2%: на арганізацыі малога бізнесу прыйшлося 15,6%, сярэдняга бізнэсу — 7,4%, індывідуальных прадпрымальнікаў — 2,2%.
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за 11 месяцаў 2024 года выраслі на 23,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаШосты дзень запар актыўнасць нелегальных мігрантаў фіксуецца толькі на польскім напрамкуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка