Мінск 15:32

Урад пастанавіў хутчэй апавяшчаць ваеннаабавязаных пра зборы

Удзельнікі афіцэрскіх збораў
Архіўнае фота: Уладзімір Бліноў / ІА "Ваяр"

15 кастрычніка, Позірк. Паведамляць ваеннаабавязаным пра прыцягненне іх да збораў цяпер будуць хутчэй, вынікае з пастановы Савета міністраў № 753 ад 12 кастрычніка.

Дакумент, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 15 кастрычніка, сярод іншага мяняе адзін з пунктаў Палажэння аб парадку праходжання вайсковых і спецыяльных збораў (зацверджанае пастановай урада № 78 ад 27 студзеня 2004 года).

Новая рэдакцыя цяпер абвяшчае: “Апавяшчэнне ваеннаабавязаных, што прызываюцца на вайсковыя і спецыяльныя зборы, за выключэннем праверачных, робіцца загадзя ў працэсе вывучэння і адбору кандыдатаў. Ваеннаабавязаным, адабраным для праходжання збораў, не пазней як за 7 дзён да іх пачатку ўручаюцца позвы з пазначэннем тэрмінаў яўкі ў вайсковы камісарыят”.

Раней позва ўручалася не пазней чым за 10 дзён да збораў.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: