Мінск 15:25

У жыхара пасёлка Лынтупы на мяжы з Літвой канфіскавалі зброю і, як мяркуецца, марыхуану

Скрыншот: відэаматэрыял Дзяржпагранкамітэта

15 кастрычніка, Позірк. Зброю, боепрыпасы і, верагодна, наркотыкі знайшлі пагранічнікі ў жыхара гарадскога пасёлка Лынтупы (Пастаўскі раён Віцебскай вобласці) на мяжы з Літвой, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Гэта адбылося яшчэ 11 кастрычніка, аднак ведамства раскрыла інфармацыю толькі цяпер.

Адзначаецца, што ў доме мясцовага жыхара знайшлі незарэгістраваную дробнакаліберную вінтоўку з аптычным прыцэлам, дзве пнеўматычныя вінтоўкі, паляўнічую стрэльбу, каля 300 патронаў і радыёстанцыі.

“Таксама ў доме знойдзеная скрыня з рэчывам расліннага паходжання, як мяркуецца, марыхуанай”, — сцвярджае Дзяржпагранкамітэт.

Пачалася даследчая праверка.

Ведамства нагадала, што за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў прадугледжана крымінальная адказнасць — пазбаўленне волі на тэрмін да 7 гадоў, за нелегальны абарот наркотыкаў — да 5 гадоў.

Падзяліцца: