Мінск 15:19

У Германіі патрэбная працоўная група па пытаннях легалізацыі беларусаў, лічыць Ціханоўская

Фота: прэс-служба палітыка

15 кастрычніка, Позірк. Праблемы легалізацыі беларусаў у Германіі “нельга абмінаць увагай”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў Берліне на сустрэчы з прадстаўнікамі супольнасці беларускай дыяспары ў ФРГ “Разам”.

“Мы хочам, каб прадстаўнікі МЗС, МУС, Мінюста, Міграцыйнай службы [Германіі] і [прадстаўнікі беларускай] дыяспары стварылі працоўную групу па Беларусі, — цытуе палітыка яе прэс-служба. — Каб не патрабавалі ад беларусаў апастыляў на дыпломах, розных пасведчаннях і даведках”.

Паводле слоў Ціханоўскай, унутры Беларусі сёння “практычна няма прасторы для грамадскай дзейнасці”. “І наша задача — тых, хто за мяжой, — працягваць і вяртаць Беларусь у парадак дня”, — падкрэсліла яна.

“Дарагія, не заставайцеся пасіўнымі, аб’ядноўвайцеся і бярыце ініцыятыву ў свае рукі, — заклікала палітык беларусаў Германіі. — Не бойцеся грукацца ў дзверы да мясцовых палітыкаў і адвакатаваць свае інтарэсы. Калі вы распавядаеце ў медыя пра нашу барацьбу, пра палітвязняў, пра праблемы ў выгнанні — гэта выкліча рэакцыю і ў палітыкаў”.

Дэмлідар аргументавала свой заклік тым, што “калі няма Беларусі ў медыя — няма і ў палітыцы”.

Ціханоўская наведвае Берлін 14–15 кастрычніка. У першы дзень візіту яна выступіла на форуме “Будучыня Беларусі”. Апрача яе ў гэтай сустрэчы ўзялі ўдзел намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, прадстаўнікі АПК Уладзімір Астапенка (па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве), Аліна Коўшык (па нацыянальным адраджэнні), кіраўнік апарата кабінета Валерый Мацкевіч.

Праграма візіту прадугледжвала сустрэчы Ціханоўскай з віцэ-канцлерам і міністрам па эканамічных пытаннях і кліматычных мерапрыемствах Робертам Хабекам, кіраўніцай МЗС Аналенай Бербок, міністрам юстыцыі Марка Бушманам, міністрам адукацыі і навуковых даследаванняў Бэцінай Штарк-Ватцынгер, кіраўніком Федэральнай канцылярыі Вольфгангам Шмітам, дэпутатамі Бундэстага.

Падзяліцца: