Мінск 19:56

Улады хочуць вярнуць у Беларусь страчаныя артэфакты, у тым ліку крыж Еўфрасінні Полацкай

Рэпліка крыжа Еўфрасінні Полацкай
Архіўнае фота: БелТА

15 кастрычніка, Позірк. Спіс культурных каштоўнасцей, што былі вывезеныя з БССР у гады Другой сусветнай вайны і падлягаюць вяртанню, склала Міністэрства культуры з ініцыятывы Генеральнай пракуратуры, паведамляе прэс-служба нагляднага органа.

У пералік унесеныя 694 артэфакты, у ліку якіх “абразы, карціны, кнігі, скульптуры, а таксама іншыя прадметы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва”.

“Адна з галоўных каштоўнасцяў Беларусі — Крыж Еўфрасінні Полацкай, выраблены ў 1161 годзе майстрам Лазарам Богшам, — быў вывезены ў ваенныя гады з тэрыторыі краіны і не знойдзены дагэтуль”, — гаворыцца ў паведамленні. Генпракуратура не ўдакладняе, куды магла быць вывезеная рэліквія.

Варта адзначыць, што ў даследчыкаў няма адзінага меркавання па гэтым пытанні. У савецкія часы афіцыйная версія абвяшчала, што крыж быў у Магілёве, адкуль яго вывезлі немцы. Пазней з’явілася версія, што артэфакт маглі схаваць у Беларусі, у прыватнасці на тэрыторыі сучаснага Чавускага раёна. Адстаўны генерал-маёр КДБ Іван Юркін у 2020 годзе ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТВ выказаў абгрунтаванае меркаванне, што рэліквію маглі вывезці на ўсход і цяпер яна ў Рускай праваслаўнай царквы.

Генпракуратура адзначае, што “выкрадзеныя і не вернутыя ў краіну слуцкія паясы, што прызнаныя нацыянальнай рэліквіяй і гістарычным культурным сімвалам”, тады як у Беларусі “захаваліся адзінкавыя экзэмпляры і фрагменты такіх паясоў”.

Спіс не канчатковы, падкрэсліў наглядны орган, праца па выяўленні страчаных культурных каштоўнасцей, вызначэнні іх кошту і вяртанні працягваецца.

“У якасці магчымых месцаў знаходжання рэліквій са спісу вызначаны шэраг замежных дзяржаў, напрыклад, Злучаныя Штаты Амерыкі, Дзяржава Ізраіль, Украіна, Рэспубліка Польшча ды іншыя. Прадметы культурнай спадчыны Беларусі могуць знаходзіцца як ва ўстановах замежных дзяржаў, так і ў прыватных калекцыях”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што ў 2024 годзе ў музеях, бібліятэках і архівах на прапанову Генпракуратуры “арганізавана рэвізія, мэта якой — выявіць страчаныя культурныя каштоўнасці” перыяду Другой сусветнай вайны. Да гэтай працы “дадаткова прыцягнутыя навуковыя даследчыкі”.

На пасяджэнні камісіі пры ўрадзе па выяўленні і вяртанні каштоўнасцей у верасні 2024 года “старшыня экспертнай групы прадставіў справаздачу аб выяўленні новых сямі тысяч экспанатаў з ліку культурных каштоўнасцей перыяду Вялікай Айчыннай вайны”.

“Міністэрства культуры арганізавала працу па ўліку і вартаснай ацэнцы страчаных каштоўнасцей, выпрацавала і забяспечыла рэалізацыю мерапрыемстваў па высвятленні месцаў іх знаходжання для вяртання ў Беларусь. У сваю чаргу Міністэрства замежных спраў арганізавала адпаведную працу па лініі міжнароднага супрацоўніцтва”, — паведаміла ведамства.

Падзяліцца: