Мінск 18:10

Плануецца адмяніць абмежаванні па памеры пенсій у працуючых пенсіянераў

15 кастрычніка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 15 кастрычніка падтрымаў праект указа, з прыняццем якога пенсіянеры, якія працуюць, змогуць атрымліваць пенсію без абмежаванняў, паведамляе прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Як заявіла па выніках мерапрыемства кіраўнік ведамства Наталля Мядзведзева, праект знаходзіцца “ў стадыі рэдакцыйнай дапрацоўкі”.

У прыватнасці, прапанаваныя змяненні датычацца зняцця абмежавання па памеру пенсій у працуючых пенсіянераў, адміністравання (разлікаў) і назначэння пенсій для будучых пенсіянераў, пенсіённага забеспячэння для шматдзетных бацькоў, бацькоў дзяцей-інвалідаў, магчымасцей атрымання пенсіі дома.

Лукашэнка на нарадзе заявіў, што пенсіянеры, якія могуць працаваць, самі прапануюць свае паслугі на рынку працы.

“Што тут дрэннага? Калі чалавек жадае, трэба даць яму такую ​​магчымасць працаваць”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле яго, пра такое жаданне тых, хто выйшаў на пенсію, заяўляюць і прафсаюзы: “Натуральна, для таго, каб людзі працавалі, павінны быць створаны нармальныя ўмовы. Ну і запатрабаванасць на рынку працы, як вядома, вельмі вялікая”.

“Мы сёлета двойчы паднімалі пенсіі. 10% і 5%. Пенсіянеры ёсць пенсіянеры. Іх мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць. Яны павінны жыць нармальна”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што некаторыя пенсіянеры звяртаюцца наконт назначэння пенсіі. Таму, распарадзіўся Лукашэнка, “трэба па максімуме дэбюракратызаваць гэты працэс”: “Працэдура павінна быць канкрэтная: пару дзён — і чалавек пайшоў на пенсію, аформіў сабе пенсію”.

Дзейным заканадаўствам прадугледжваюцца розныя ўмовы выплаты пенсій для пенсіянераў, якія працуюць і не працуюць.

У поўным памеры выплачваюцца пенсіі працуючым у сельскай гаспадарцы, а таксама пенсіянерам, у якіх індывідуальны каэфіцыент заробку не перавышае 1,3.

У каго ён вышэйшы, тая частка пенсіі, якая налічана з улікам заробку звыш каэфіцыента 1,3, у перыяд працы або калі пенсіянер з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, не выплачваецца.

Апошняе павышэнне пенсій адбылося з 1 кастрычніка.

Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, будуць павялічаны ўсе віды працоўных пенсій (па ўзросту, за выслугу гадоў, па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля).

“Паводле папярэдняй ацэнкі, сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў кастрычніку складзе 852 рублі. Гадавое павелічэнне (да кастрычніка 2023-га) складзе 115 рублёў (+15,6%)”, — адзначылі ў ведамстве.

З 1 жніўня павялічыўся памер даплат пенсіянерам ва ўзросце 75–79 гадоў — 81,19 рубля, 80 гадоў і старэй (з улікам надбаўкі на догляд) — 162,38, а пры наяўнасці інваліднасці I групы — 216,5.

Даплаты да пенсій атрымліваюць больш як 527 тыс. чалавек ва ўзросце 75 гадоў і старэйшыя. Выдаткі на гэтыя патрэбы складуць, па адзнацы ведамства, 790 млн рублёў.

Зацверджаны закон, які пазбаўляе пенсій сілавікоў, што пакінулі Беларусь

11 кастрычніка, Позірк. Закон з папраўкамі ў заканадаўства аб пенсіях для сілавікоў падпісаў Аляксандр Лукашэнка, вынікае з паведамлення яго прэс-службы. Сцвярджаецца, што змены закона "Аб пенсійным забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і шараговага складу органаў унутраных спраў, СК, Дзяржкамітэта судовых экспертыз, органаў і …
Падзяліцца: