Мінск 00:30

Зяленскі не ўключыў Беларусь у лік краін, якія ваююць з Кіевам

Крыніца: pixabay.com

16 кастрычніка, Позірк. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе 16 кастрычніка, не ўключыў Беларусь у спіс дзяржаў, з якімі зараз ваюе яго краіна.

“У кааліцыі злачынцаў разам з [прэзідэнтам Расіі Уладзімірам] Пуціным па стане на дадзены момант ужо ёсць Паўночная Карэя – сям’я Кім, якая трымае ў рабстве больш за 20-мільённую частку карэйскага народа”, — цытуе Зяленскага LIGA.net.

Паводле яго слоў, украінская ваенная разведка фіксуе перадачу не толькі зброі з Паўночнай Карэі ў Расію, але і людзей. Гэта працоўныя для расейскіх заводаў — “замест забітых на вайне расейцаў і асабовы склад для расійскага войска”, дадаў прэзідэнт краіны.

Акрамя таго, нагадаў Зяленскі, Іран, які перадае Расіі дроны-камікадзэ, таксама з’яўляецца ўдзельнікам канфлікту.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны, якая была падтрымана ўладамі ў Мінску. З пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней, тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясення ўдараў па Украіне.

21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Лукашэнка прызнаў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзена 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызвалены.

Падзяліцца: