Мінск 19:30

З ліку праўладнай моладзі будуць сфарміраваныя “электаральныя валанцёры” — ЦВК

Фота: ЦВК

16 кастрычніка, Позірк. Дзейнасць “электаральных валанцёраў” падчас выбарчых кампаній можа быць замацаваная ў заканадаўчым парадку, заявіў старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка.

Як паведамляе прэс-служба ЦВК, 16 кастрычніка Карпенка выступіў на сустрэчы з “педагагічнай грамадскасцю краіны”. Як відаць з апублікаванага фота, чыноўнік зачытаў прамову са сцэны на фоне вялікай выявы Аляксандра Лукашэнкі з яго цытатай пра “апанентаў улады”, якія “ў электаральны перыяд ва ўласных інтарэсах” выкарыстоўваюць “рэвалюцыйныя і мяцежныя метады”.

Са слоў Карпенкі вынікае, што “электаральнымі валанцёрамі” стануць прадстаўнікі праўладных моладзевых рухаў.

“Моладзь актыўна рэалізуе ініцыятыву па электаральным валанцёрстве. У нашай краіне да гэтага актыўна падключаецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Маладзёжны савет пры ЦВК і Маладзёжны парламент пры Нацыянальным сходзе. Намі, па сутнасці, ужо сфарміравана база валанцёраў”, — сказаў Карпенка.

У сваім выступе чыноўнік заявіў пра шэраг пераваг беларускай выбарчай сістэмы перад, як было сказана, “развітымі дэмакратычнымі краінамі”.

“Нашым адказам на крытыку [з боку Захаду] з’яўляецца якаснае прававое рэгуляванне асноў і парадку правядзення выбараў у Беларусі. ЦВК Беларусі праводзіць палітыку адкрытасці: нашы дзверы адчыненыя для студэнтаў і школьнікаў, працоўных калектываў, Мы арганізуем круглыя сталы і дыялогавыя пляцоўкі. У ЦВК праходзяць вучэбную практыку будучыя юрысты і палітолагі”, — заявіў Карпенка.

Паводле яго сцвярджэння, беларускаму выбаршчыку важна “разбірацца ў асновах выбарчага працэсу, разумець спецыфіку электаральных працэдур”. А “самае галоўнае”, сказаў Карпенка, выбаршчык павінен умець “цвяроза ацэньваць абяцанні кандыдатаў, дакладна разумець, хто ідзе з рэальнай праграмай, а хто любымі шляхамі рвецца да ўлады”, “хто думае аб нацыянальных інтарэсах і сваім народзе, а хто гатовы выканаць любы загад замежных спонсараў дзеля асабістай выгады”.

У чым будзе заключацца дзейнасць “электаральных валанцёраў”, прэс-служба ЦВК не паведамляе.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года. Іх дата яшчэ не прызначаная.

Дэмакратычныя сілы краіны неаднаразова заяўлялі, што будуць дамагацца іх непрызнання міжнароднай супольнасцю.

Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 года адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзнік пасля іх, і шырокамаштабныя рэпрэсіі працягваюцца дагэтуль.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: