Мінск 19:29

Пачалася праверка ўпраўлення Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання

16 кастрычніка, Позірк. З 16 па 25 кастрычніка пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл — першага намесніка Міністра абароны Паўла Муравейкі праводзіцца комплексная праверка ўпраўлення Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання (ПЗАК), паведаміла ваеннае ведамства.

“Падчас праверкі афіцэры аддзелаў і службаў упраўлення ПЗАК будуць здаваць кантрольныя заняткі па прадметах аператыўнай (баявой) падрыхтоўкі. Кантрольныя зрэзы будуць праведзены па асноўных напрамках жыццядзейнасці Узброеных сіл”, — зазначыў камандуючы войскамі ПЗАК Аляксандр Бас, словы якога прыводзіць прэс-служба ведамства.

Паводле яго, узровень баявой падрыхтоўкі ў большай ступені змяніўся ў войсках аператыўнага камандавання.

“Мы ўлічваем досвед вядзення баявых дзеянняў, зыходзячы з сучасных узброеных канфліктаў. І натуральна гэты досвед даводзім да падпарадкаваных войскаў. І далей ужо рыхтуем войскі менавіта з улікам таго досведу. Войскі на сённяшні дзень гатовы да выканання задач па прызначэнні, а ўпраўленне аператыўнага камандавання гатова да здачы комплекснай праверкі”, — заявіў Бас.

Тэрытарыяльна кіраванне ПЗАК размяшчаецца ў Барысаве (Мінская вобласць). Камандаванне было створана 25 снежня 2001 года на базе 65-га вайсковага корпуса.

Пасля пачатку РФ вайны ва Украіне ў лютым 2022 года, падтрыманай Мінскам, улады ўвесь час праводзяць розныя ваенныя вучэнні і праверкі.

Падзяліцца: