Мінск 14:31

У паветраную прастору Беларусі зноў урываліся расійскія беспілотнікі — УСУ

Ілюстрацыйнае фота: mil.in.ua

17 кастрычніка, Позірк. З вечара 16 кастрычніка да раніцы 17 кастрычніка Расія атакавала Украіну 56 беспілотнікамі — ударнымі і нявызначанага тыпу, два дроны выйшлі з украінскай паветранай прасторы і паляцелі ў кірунку Беларусі, паведамілі Паветраныя сілы УСУ.

Увечары 16 кастрычніка маніторынгавая група “Беларускі Гаюн” са спасылкай на ўкраінскія каналы тройчы паведамляла пра ўварванне рознай колькасці беспілотнікаў у паветраную прастору Беларусі як з боку Украіны, так і з боку Бранскай вобласці РФ. У 23:46 з’явілася інфармацыя, што дзяжурны знішчальнік Ваенна-паветраных сіл Беларусі вылецеў з аэрадрома Баранавічы і ўзяў курс на паўднёвы ўсход краіны.

4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок “шмат” збівае, не гледзячы на тое, украінскія яны ці расійскія.

Залёт БПЛА Лукашэнка патлумачыў недасведчанасцю тых, хто іх выкарыстоўвае, і адзначыў, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы беспілотнікі губляюць арыенцір.

“Некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расіі, і з боку Украіны”, — сказаў ён падчас паездкі ў Пінскі раён (Брэсцкая вобласць).

Паводле яго слоў, гэтыя пытанні ў Беларусі вырашаюць “на ўзроўні адмыслоўцаў, не выносячы ў публічнае поле”. Такія дамоўленасці былі дасягнуты з абодвума бакамі, падкрэсліў Лукашэнка.

Адметна, што ў ноч на 3 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра ўварванне чарговага расійскага беспілотніка. Тады было выказана меркаванне, што дрон іранскай маркі “Шахед” мог упасці ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Беларускія ўлады інцыдэнт ніяк не каментавалі.

Разам з тым 4 кастрычніка супрацоўнікі КДБ “пры сілавой падтрымцы вайскоўцаў САХРу” затрымалі жыхарку Калінкавічаў. Яны ўварваліся ў дом, з якога напярэдадні было знята падзенне беспілотніка.

З ліпеня гэтага года рэсурсы, што спецыялізуюцца на маніторынгу ваеннай сітуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварвання ў паветраную прастору Беларусі беспілотнікаў, якімі Расія атакуе Украіну.

У ноч на 5 верасня некалькі дронаў былі збітыя над Гомелем, абломкі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было вымушана прызнаць факт парушэння мяжы лятучымі аб’ектамі, але не назвала, каму яны належылі.

8 верасня Міністэрства абароны Латвіі паведаміла, што ў Рэзекненскім краі (не з’яўляецца прыгранічным, месціцца прыкладна за 35 км ад мяжы з Беларуссю) разбіўся расійскі дрон. 9 верасня кіраўніцтва латвійскіх Нацыянальных узброеных сіл заявіла, што расійскі дрон, які пацярпеў крушэнне ў Гайгалаўскай воласці Рэзекненскага краю Латвіі, “быў начыненым выбухоўкай беспілотнікам тыпу Shahed”.

Падзяліцца: