Мінск 22:11

ХДС/ХСС: Наш абавязак — заўсёды абараняць правы чалавека ў Беларусі

Лідар ХДС/ХСС Фрыдрых Мерц і Святлана Ціханоўская на перамовах у Берліне 15 кастрычніка 2024 года
Фота: x.com/cducsubt

17 кастрычніка, Позірк. Пра свой абавязак “заўсёды і ў любы час” абараняць правы чалавека ў Беларусі заявіла фракцыя хрысціянскіх дэмакратаў у нямецкім парламенце.

Партыя ХДС/ХСС знаходзіцца ў апазіцыі пасля 16 гадоў (2005—2021) працы ва ўрадавых кааліцыях. Усе гэтыя гады канцлерам ФРГ была прадстаўнік партыі Ангела Меркель.

Цяпер партыяй і парламенцкай фракцыяй хрысціянскіх дэмакратаў кіруе Фрыдрых Мерц — ён можа стаць новым канцлерам у выпадку перамогі партыі на выбарах-2025, прыйшоўшы на змену сацыял-дэмакрату Олафу Шольцу. У мясцовых апытаннях грамадскай думкі ХДС/ХСС пакуль лідзіруе з вялікім адрывам ад бліжэйшых канкурэнтаў — ультраправай “Альтэрнатывы для Германіі” і Сацыял-дэмакратычнай партыі.

15 кастрычніка Мерц сустрэўся са Святланай Ціханоўскай у рамках яе візіту ў Берлін. “Яшчэ вясной гэтага года яна заклікала (на Капенгагенскім саміце дэмакратыі. — “Позірк”.) працягнуць міжнародны ціск на Беларусь, каб спыніць жорсткае абыходжанне з палітвязнямі”, — адзначаецца ў паведамленні фракцыі хрысціянскіх дэмакратаў па выніках перамоваў.

Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў “Позірку”, што бакі абмеркавалі ролю Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны, падтрымку грамадзянскай супольнасці і еўрапейскай перспектывы для Беларусі. Дэмлідар паўтарыла заклік, з якім звяртаецца на ўсіх міжнародных мерапрыемствах, “адрозніваць беларусаў і рэжым, не класці Беларусь і Расію ў адзін кошык”.

На пачатку 2023 года ХДС/ХДС прапанавала Бундэстагу прыняць рэзалюцыю “Вярнуць Беларусь у сям’ю еўрапейскіх народаў — падтрымаць імкненне людзей да свабоды”. Профільныя камітэты рэкамендавалі адхіліць дакумент. Сузаснавальнік міжфракцыйнай групы “Дэмакратычная Беларусь” Робін Вагенер ад партыі “Зялёных”, якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю, патлумачыў “Позірку”, што хрысцінскія дэмакраты не прапанавалі іншым фракцыям выступіць з супольнай заявай. “Але гэта, вядома, не мяняе таго факту, што ў нямецкім Бундэстагу вельмі шырокая салідарнасць з беларускім дэмакратычным рухам”, — падкрэсліў Вагенер.

У лістападзе ўрадавая кааліцыя (сацыял-дэмакраты, “зялёныя”, Свабодная дэмакратычная партыя) прапанавала і ў прысутнасці Ціханоўскай сваімі галасамі прыняла рэзалюцыю “За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і”. Дакумент быў падрыхтаваны таксама на беларускай мове.

ХДС/ХСС зноў беспаспяхова вылучыл — на трэцяе чытанне — сваю рэзалюцыю. “Альтэрнатыва для Германіі” прапанавала на парадак дня праект рэзалюцыі “Нямецкая палітыка ў дачыненні да Беларусі — вярнуцца да ўзважанасці і здаровага сэнсу”. Яна таксама была адхіленая.

Падзяліцца: