Мінск 22:10

КР звернецца да парламентаў Польшчы, Літвы і Латвіі з просьбай спрасціць выдачу віз беларусам

Крыніца: тэлеграм-канал КР

17 кастрычніка, Позірк. Каардынацыйная рада (КР) звернецца да парламентаў Польшчы, Літвы і Латвіі з просьбай “палегчыць памежны рух” для грамадзян Беларусі, а таксама спрасціць працэдуру выдачы ім віз, паведамляе тэлеграм-канал палітычнай структуры.

Адзначаецца, што адпаведная рэзалюцыя была прынятая 11 кастрычніка па прапанове фракцыі “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”.

У звароце будзе ўтрымлівацца просьба дазволіць выдачу віз на падставе запрашэння ад беларусаў, якія атрымалі ў згаданых краінах міжнародную абарону. Таксама КР мае намер хадайнічаць аб выдачы гуманітарных віз у трэціх краінах для “беларусаў, якія ратуюцца ад рэпрэсій”.

Акрамя гэтага, КР плануе запытаць у ЕС для аналізу інфармацыю аб увядзенні лічбавых віз для ўезду ў краіны Шэнгенскай зоны замежным грамадзянам, у тым ліку беларусам.

Каардынацыйная рада таксама пастанавіла прасіць Аб’яднаны пераходны кабінет правесці кансультацыі ў рамках Кансультатыўнай групы Беларусь — ЕС, а таксама з упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі Латвіі, Літвы і Польшчы па спрашчэнні візавага рэжыму і паляпшэнні памежнага руху ў дачыненні да беларусаў.

“Каардынацыйная рада Беларусі, прызнаючы і ўсведамляючы сур’ёзныя пагрозы, якія прадстаўляе рэжым Лукашэнкі для Еўрапейскага саюза, а таксама фіксуючы спробы абыходу ўведзеных санкцый, пры зацікаўленнасці замежных партнёраў прапануе аказваць садзейнічанне ў працэсе верыфікацыі грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія падаюць заяўкі на візы, з выкарыстаннем даступных дэмакратычным сілам інструментаў”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Падзяліцца: