Мінск 01:13

Швед накіраваў у суд справу памерлага ў 1960 годзе ўкраінца, які абвінавачваецца ў спаленні Хатыні

Андрэй Швед
Фота: Генпракуратура

17 кастрычніка, Позірк. Генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд крымінальную справу Канстанціна Смоўскага, якога абвінавачваюць паводле арт. 127 КК (генацыд), паведамляе прэс-служба нагляднага ведамства.

Як заявіў кіраўнік следчай групы Генпракуратуры Валерый Талкачоў, гэтая справа “выдзелена ў асобную спецыяльную вытворчасць <…> па факце генацыду беларускага народа”.

“Падчас расследавання сабраныя неабвержныя доказы, якія пацвярджаюць віну Смоўскага. Пратаколы допытаў яго таварышаў па службе, жыхароў вёсак, якія выжылі, а таксама іншыя архіўныя дакументы, у тым ліку, нямецкія”, — сказаў Талкачоў.

Паводле яго слоў, у крымінальнай справе 49 тамоў.

“Устаноўлена 26 эпізодаў яго злачыннай дзейнасці ў складзе 118-га ахоўнага батальёна, кіраўніком якога ён з’яўляўся. У тым ліку ўстаноўлены яго ўдзел у знішчэнні жыхароў вёскі Хатынь і іншых населеных пунктаў”, — адзначыў прадстаўнік ведамства.

Канстанцін Смоўскі нарадзіўся ў 1892 годзе ў Палтаўскай губерніі (у той час Расійская імперыя). Быў удзельнікам украінскага нацыянальнага руху, ва Узброеных сілах Украінскай Народнай Рэспублікі даслужыўся да звання палкоўніка. Падчас Другой сусветнай вайны спачатку ваяваў у польскай арміі, затым трапіў у нямецкі палон і пагадзіўся перайсці на бок гітлераўскай Германіі.

Удзел Смоўскага ў спаленні Хатыні ў складзе 118-га батальёна шуцманшафта 22 сакавіка 1943 года не з’яўляецца сакрэтам, пра гэта было вядома задоўга да расследавання Генпракуратуры.

Пасля Другой сусветнай вайны Смоўскі эміграваў у ЗША, дзе памёр у 1960 годзе.

18 сакавіка 2024 года Вярхоўны суд асудзіў паводле арт. 127 КК украінца Уладзіміра Катрука, якога таксама абвінавацілі ў спаленні Хатыні. З прычыны яго смерці ў 2015 годзе пакаранне прызначанае не было. Судовае разбіральніцтва пачалося 8 лютага. У крымінальнай справе Катрука, паводле сцвярджэння беларускіх уладаў, 35 тамоў.

26 сакавіка Швед анансаваў яшчэ пяць падобных судовых працэсаў над памерлымі.

У 2021 годзе быў прыняты закон “Аб генацыдзе беларускага народа”. Пры гэтым пад беларускім народам “для мэт гэтага закона разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд” (да 31 снежня 1951 года).

За “адмаўленне генацыду беларускага народа” арт. 1302 КК прадугледжвае адказнасць у выглядзе 5 гадоў зняволення, за паўторнае парушэнне закона — ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

17 ліпеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса”, які дазваляе пераследваць памерлых у крымінальным парадку.

Незалежныя гісторыкі і эксперты лічаць, што ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму для дыскрэдытацыі апанентаў. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць змест кнігі “Генацыд беларускага народа”, якая выйшла пад рэдакцыяй Шведа. У ёй сцвярджаецца, што масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года з’яўляюцца спробай дзяржаўнага перавароту з выкарыстаннем нацысцкай ідэалогіі. Акрамя таго, да генацыду фактычна прыраўнаваны антысавецкі супраціў у першыя пасляваенныя гады.

Падзяліцца: