Мінск 15:47

Ва ўзросце 60 гадоў памёр былы дырэктар мінскага аэрапорта Харанека, пры якім быў пасаджаны самалёт Ryanair

Фота: airport.by

18 кастрычніка, Позірк. Ва ўзросце 60 гадоў “пасля працяглай цяжкай хваробы” памёр былы дырэктар Нацыянальнага аэрапорта Мінск Вячаслаў Харанека, паведаміла прэс-служба аэрапорта.

Харанека ўзначальваў аэрапорт з 3 лютага 2020 года да 22 жніўня 2024-га. Афіцыйнае паведамленне аб яго адстаўцы “па стане здароўя” з’явілася амаль праз месяц, 18 верасня. Адзначалася, што пад кіраўніцтвам Харанекі “прадпрыемства прайшло складаны этап аднаўлення эканамічнай і вытворчай сітуацыі пасля сусветнай пандэміі і санкцыйных абмежаванняў”, “рэалізаваны комплекс антыкрызісных мер па забеспячэнні бесперабойнай працы прадпрыемства і падтрыманні працаздольнасці ўсёй інфраструктуры”, “фінансава-гаспадарчая дзейнасць аэрапорта стабілізаваная, і перад прадпрыемствам стаяць задачы ў галіне далейшага развіцця”.

Да прызначэння кіраўніком аэрапорта Харанека быў намеснікам генеральнага дырэктара па тэхнічным развіцці — галоўным інжынерам.

Харанека нарадзіўся ў Мінску 1 ліпеня 1964 года. Выпускнік Самаркандскага вышэйшага ваеннага аўтамабільнага каманднага вучылішча ім. Вярхоўнага Савета Узбекскай ССР. У авіяцыі адпрацаваў больш за 30 гадоў.

23 траўня 2021 года ў аэрапорце здзейсніў вымушаную пасадку самалёт ірландскай авіякампаніі Ryanair, які рухаўся з Афін у Вільнюс праз беларускую паветраную прастору. Пілоты былі дэзінфармаваныя паведамленнем аб выбуховай прыладзе на борце і прызямліліся ў Мінску. У самалёце знаходзіўся апазіцыйны на той момант блогер Раман Пратасевіч з тагачаснай сяброўкай, грамадзянкай Расеі Соф’яй Сапега. Яны былі затрыманыя і пасля асуджаныя ў крымінальным парадку.

На прэс-канферэнцыі ў лістападзе 2023 года Харанека адзначаў, што санкцыі дэмакратычных краін Захаду паўплывалі на працу аэрапорта: да пачатку пандэміі кавіду і іх увядзення аэрапорт штогод абслугоўваў 5 млн пасажыраў, а за 10 месяцаў 2023 года было перавезена 2 млн 150 тыс. пасажыраў.

Паводле яго слоў, 97% абсталявання, тэхнікі для абслугоўвання рэйсаў імпартнай вытворчасці. Спецыялісты аэрапорта “паспяхова знайшлі шляхі правядзення тэхнічнага абслугоўвання, рамонту, пытанняў у перыяд кавіду; санкцый па абслугоўванні аэрадрома, забеспячэнні яго бяспекі не ўзнікала”.

“Аэрапорт працуе. Нам не страшныя санкцыі. Мы знайшлі шляхі для выканання ўсіх пастаўленых задач, і будзем развівацца з нашымі партнёрамі, Расійскай Федэрацыяй у першую чаргу”, — падсумаваў Харанека.

У ліпені 2022 года ён паведаміў, што ў сувязі з эканамічнай сітуацыяй аэрапорт увёў прастой для зменнага персаналу і перавёў на чатырохдзённы працоўны тыдзень адміністрацыйных работнікаў.

Падзяліцца: