Мінск 13:26

Прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні заклікала беларусаў развіваць крэатыўны актывізм

Архіўнае фота: "Позірк"

18 кастрычніка, Позірк. Развіваць крэатыўны актывізм і нестандартныя формы пратэсту заклікала беларусаў прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык па выніках сустрэчы працоўнай групы па пытаннях націдэнтычнасці, культуры, спорту і дзейнасці дыяспары.

Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, Коўшык узначальвае гэтую групу, створаную ў рамках стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Прадстаўніца кабінета выказала меркаванне, што крэатыўны актывізм і нестандартныя формы пратэсту “менш відавочныя для рэжыму”, таму “зніжаюць рызыкі для тых, хто іх практыкуе”. Разам з тым яны прыцягваюць увагу міжнароднай супольнасці (“праз мастацтва можна распавесці свету пра беларускія праблемы”), падтрымліваюць нацыянальную ідэнтычнасць (“беларускія творцы захоўваюць культуру і традыцыі ў несвабодных умовах”), падштурхоўваюць да сацыяльных і палітычных змен (“дазваляюць эфектыўна супрацьстаяць рэпрэсіям і мабілізаваць людзей”), а таксама яднаюць розныя сацыяльныя групы, “прапаноўваючы платформу для агульнай справы”.

“Супрацоўніцтва паміж ЗША і беларускімі дэмакратычнымі сіламі можа спрыяць падтрымцы гэтых ініцыятыў і забяспечыць больш шырокую прысутнасць беларускай тэматыкі на міжнароднай арэне”, — лічыць Коўшык.

Першы раўнд стратэгічнага дыялогу ЗША з беларускім дэмакратычным рухам адбыўся 6–8 снежня 2023 года ў Вашынгтоне. Стратдыялог — пляцоўка для падтрымання сталых стасункаў дэмсіл Беларусі з урадам ЗША. Чакаецца, што сесіі будуць штогадовымі.

Сёлета 4–5 красавіка ў Вашынгтоне ўдзельнікі першых пасяджэнняў працоўных груп у рамках стратдыялогу абмеркавалі парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, шляхі вызвалення палітвязняў, дзейнасць дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці.

Падзяліцца: