Мінск 18:28

Лукашэнка заявіў пра перамовы з нейкімі прадстаўнікамі краін Захаду, якія адбыліся напярэдадні

Скрыншот: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі

19 кастрычніка, Позірк. Пра засяроджванне ўсеагульнай увагі на Беларусі заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 19 кастрычніка ў Валожыне (Мінская вобласць) на фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2024”.

“Сапраўды, перадвыбарчы перыяд — усе здаюць іспыты, — сказаў ён (на падставе відэафрагменца ў неафіцыйным тэлеграм-канале прэс-службы Лукашэнкі). — Некалі я прыдумаў добрую формулу: не толькі прэзідэнт дзейны, але ўсе мы перад нашым народам здаем іспыт. Ды што там перад нашым народам. Сёння засяроджана ўсё на Беларусь, паверце, усё на Беларусь”.

Паводле яго слоў, 18 кастрычніка быў “непублічны дзень, але вельмі цяжкі, вельмі складаны”.

“Але цікавыя перамовы з прадстаўнікамі заходніх дзяржаў, — сцвярджае Лукашэнка. — І я, размаўляючы з імі, зразумеў, наколькі пільна яны назіраюць за намі, наколькі прыдзірліва яны шукаюць, вывучаюць нашы памылкі і нашы поспехі. І калі няма сродкаў масавай інфармацыі, яны кажуць сумленна і адкрыта”.

“Вы ведаеце, найбагацейшыя краіны былі прадстаўленыя. Яны нам зайздросцяць. Зайздросцяць за тое, што мы ўмеем працаваць, жыць, святкаваць. За тое, што мы — невялікая паводле мерак краіна — знайшлі свой шлях развіцця і мы годна па ім прайшлі”, — дадаў ён.

Лукашэнка не ўдакладніў, з прадстаўнікамі якіх краін нібыта адбыліся перамовы.

Напярэдадні тэлеканал “Белсат” паведамляў, што 15 кастрычніка амбасада ЗША ў Мінску зладзіла прыём для замежных устаноў з нагоды візіту ў Беларусь прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартамента Кевіна Дойла, які курыруе эканамічныя сувязі ЗША з Беларуссю і Малдовай. Сцвярджалася, што Дойл разам з часовым павераным ЗША Пітарам Каўфманам правёў сустрэчу з прадстаўнікамі МЗС Беларусі, на якой сярод іншага абмяркоўваўся лёс палітвязняў. Перамовы “не ўнеслі яснасці ў сітуацыю”, адзначыла медыя.

Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у 2021-м і дапамогі Мінска ў расійскай агрэсіі супраць Украіны, якая пачалася ў лютым 2022-га, публічныя кантакты з рэжымам Лукашэнкі падтрымлівае вельмі абмежаваная колькасць заходніх краін. Сярод іх, напрыклад, Венгрыя.

Падзяліцца: