Мінск 15:27

Праваабаронцам вядомыя прозвішчы 7,4 тыс. рэпрэсаваных па крымінальных справах з 2020 года

Фота: "Позірк"

20 кастрычніка, Позірк. З 2020 года больш за 6 тыс. чалавек асуджана ў Беларусі паводле палітычных матываў, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Прозвішчы гэтых людзей праваабаронцам вядомыя.

Таксама ПЦ “Вясна” вядомыя прозвішчы амаль 7,4 тыс. чалавек, у дачыненні да якіх былі заведзеныя палітычна матываваныя крымінальныя справы.

Адзначаецца, што “амаль чвэрць з гэтых людзей — жанчыны”. Да пазбаўлення волі прыгаворана не менш за 2.336 чалавек, да абмежавання волі — мінімум 681.

“Гэта толькі тыя людзі, пра якіх вядома праваабаронцам — у цэлым жа фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі значна больш”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

17 кастрычніка “Вясна” паведаміла, што ў верасні паводле палітычных матываў асуджана мінімум 170 чалавек (жанчыны — 46, мужчыны — 124). У Мінску асудзілі 61 чалавека, у Брэсцкай вобласці — 44, Мінскай — 25, Гомельскай — 20, Віцебскай — 9, Магілёўскай — 8, Гродзенскай — 3.

На 20 кастрычніка ў месцах несвабоды застаецца 1.291 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Колькасць асуджаных паводле палітычных матываў значна большая.

Падзяліцца: