Мінск 15:17

Казахстан выдасць Беларусі грамадзяніна Кыргызстана, які абвінавачваецца ў забойстве

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com / rawpixel.com

21 кастрычніка, Позірк. Генеральная пракуратура Казахстана задаволіла запыт беларускіх калег аб выдачы грамадзяніна Кыргызстана для прыцягнення да крымінальнай адказнасці паводле п. 6 і п. 15 ч. 2 арт. 139 КК (забойства).

Паводле інфармацыі прэс-службы Генпракуратуры Беларусі, абвінавачаны, паводле матэрыялаў справы, “дзейнічаючы па папярэдняй змове з іншымі асобамі, напаў у Мінску з мэтай забойства на пацярпелага, падчас якога прычыніў яму шматлікія цялесныя пашкоджанні, якія пацягнулі яго смерць”.

Справа знаходзіцца ў вытворчасці галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарата Следчага камітэта.

Генпракуратура даручыла Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС “арганізаваць прыём асобы, якая падлягае выдачы”.

Сёлета ў красавіку дэлегацыя ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Беларусі наведвала Казахстан. Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся ўдасканальваць узаемадзеянне і абмен перадавымі тэндэнцыямі ў аператыўна-вышуковай дзейнасці, паведамляла МУС.

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе працягваюць выкарыстоўваць смяротнае пакаранне, якое з’яўляецца максімальным пакараннем паводле арт. 139 КК.

Падзяліцца: