Мінск 16:16

Санкцыі надалі “каласальны імпульс саюзнай інтэграцыі”, заяўляе амбасадар РФ у Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

22 кастрычніка, Позірк. Заходнія санкцыі актывізавалі інтэграцыю Беларусі і Расіі, такое меркаванне выказаў амбасадар РФ у Мінску Барыс Грызлоў у апублікаваным 22 кастрычніка інтэрв’ю пракрамлёўскаму медыя “РИА Новости”.

“Пасля пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі (так расійскія і беларускія ўлады называюць поўнамаштабную вайну, развязаную РФ супраць Украіны. — “Позірк”.) нашыя геапалітычныя праціўнікі паспрабавалі адрэзаць Расію і Беларусь ад перадавых тэхналогій, каб тым самым пазбавіць нас перспектыў далейшага развіцця, — сказаў дыпламат. — У шырэйшым кантэксце адной з мэт заходнікаў была дэстабілізацыя сацыяльна-эканамічнага становішча ў нашых краінах”.

На думку Грызлова, ініцыятары абмежавальных мер, “уводзячы санкцыі, якія ўключалі ў сябе фактычную транспартную блакаду”, разлічвалі, што эканоміка Беларусі і РФ “не вытрымае і папросту абрынецца”, і гэта адаб’ецца ў тым ліку на ўнутрыпалітычнай сітуацыі. “Але на справе нашыя нядобразычліўцы, самі таго не чакаўшы, надалі каласальны імпульс саюзнай інтэграцыі”, — заявіў ён.

Грызлоў сцвярджае, што Мінск і Масква “ідуць менавіта шляхам прагрэсу”.

“Наша кааперацыя нацэленая на забеспячэнне якаснага росту, выпуск высокатэхналагічнай прадукцыі і падвышэнне яе долі ва ўзаемным гандлі, — сказаў ён. — У гэтым сэнсе рост тавараабароту, які працягваецца, для нас важны, але ў першую чаргу як індыкатар таго, што мы ўсё робім правільна”.

Летась узаемны тавараабарот Беларусі і Расіі склаў каля 46,5 млрд долараў, звярнуў увагу дыпламат. “Гэты рэкорд”, паводле яго слоў, стаў вынікам “інтэнсіўнага ўзаемадзеяння суб’ектаў гаспадарання дзвюх краін, а таксама сістэмнай працы па паглыбленню інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы”.

Дадатная дынаміка ўзаемных закупак тавараў, адзначыў ён, склалася з прычыны падвышэння попыту на ўласную прадукцыю пасля адыходу шэрагу заходніх канкурэнтаў.

“У канчатковым выніку гэта прывяло да значна больш высокай, а ў некаторых выпадках нават беспрэцэдэнтнай загрузкі існых у Беларусі вытворчых магутнасцей, — сказаў дыпламат. — Па сутнасці, заходнія санкцыі сталі пэўным стымулам для яшчэ больш інтэнсіўнага развіцця расійска-беларускага гандлёва-эканамічнага і кааперацыйнага ўзаемадзеяння”.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска з боку Масквы.

Спалучэнне дзвюх краін інтэнсіфікавалася ў 2020 годзе — пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, калі Масква падтрымала Аляксандра Лукашэнку, а таксама ў 2022-м — пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну, калі рэжым у Мінску даў Крамлю тэрыторыю для нападу і стаў усяляк спрыяць яе агрэсіўным дзеянням.

Беларусь і РФ сталі імкліва збліжацца ў палітычным, ваенным і эканамічным плане на фоне ўведзеных супраць іх дэмакратычнымі краінамі маштабных санкцый.

Падзяліцца: