Мінск 04:59

Беларусь пагоршыла пазіцыю ў глабальным Індэксе вяршэнства права

Крыніца: pixabay.com

23 кастрычніка, Позірк. Беларусь заняла 105-е месца са 142 у Індэксе вяршэнства права за 2024 год, які штогод складаецца няўрадавай арганізацыяй World Justice Project (штаб-кватэра ў Вашынгтоне).

За год краіна апусцілася на адзін радок рэйтынгу, набраўшы 0,45 бала (шкала ад 0 да 1, дзе 1 — найстрогая прыхільнасць вяршэнству права).

Найгоршыя паказчыкі ў Беларусі ў частцы абмежавання паўнамоцтваў урада (0,26), адкрытасці ўлады (0,31), захаванні правоў чалавека (0,34) і захаванні закона ў крымінальным правасуддзі (0,39). Лепш ідуць справы, паводле Індэксу, у частцы парадку і бяспекі (0,81).

Пасля падзей 2020 года ў індэксе за 2021 год Беларусь рэзка апусцілася з 68-й на 97-ю пазіцыю. У 2015 годзе краіна займала 48-е месца.

У гэтым годзе Расія заняла гэтага года 113 месца, Украіна — 88, Польшча — 33, Літва — 18, а Латвія — 21.

Лідары індэкса — Данія, Нарвегія, Фінляндыя.

Горш за ўсё справы з правам, паводле даследавання, ідуць у Венесуэле, Камбоджы, Афганістане, Гаіці, М’янме і Нікарагуа.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года.

У Беларусі не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы аб гвалце ў дачыненні да ўдзельнікаў масавых пратэстаў, хаця са жніўня 2020 года ў Следчы камітэт было пададзена не менш за 1.800 адпаведных заяў.

У краіне 1.300 чалавек прызнана палітычнымі зняволенымі, насамрэч асуджаных па палітычных матывах значна больш.

Падзяліцца: