Мінск 12:01

Дэмсілы прапанавалі беларусам галасаваць “супраць усіх” на выбарах 2025 года

Крыніца: сайт Святланы Ціханоўскай

23 кастрычніка, Позірк. “Выказаць свой пратэст, прагаласаваўшы супраць усіх, хто крадзе наша права голасу”, прапанавалі дэмакратычныя сілы ў сумеснай заяве, прымеркаванай да прызначэння даты прэзідэнцкіх выбараў на 26 студзеня 2025 года.

Тэкст заявы апублікаваны на сайце Святланы Ціханоўскай. Акрамя дэмакратычнага лідара, пад ім падпісаліся Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада.

Адзначаецца, што галасаваннем “супраць усіх” выбаршчыка пакажуць, што “беларускае грамадства па-ранейшаму выступае супраць Лукашэнкі і патрабуе свабодных і сумленных выбараў”.

“Мы таксама прапрацоўваем і прапануем іншыя варыянты, як выказаць пратэст у залежнасці ад развіцця сітуацыі”, — гаворыцца ў заяве.

“Электаральная кампанія праводзіцца ў сітуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Рэспубліцы Беларусь, — адзначаюць дэмсілы. — Аляксандр Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсій супраць беларускага грамадства, абапіраючыся на падтрымку Крамля. Больш за 1.300 чалавек на дадзены момант афіцыйна прызнаныя палітвязнямі, а патэнцыйныя кандыдаты незаконна кінутыя за краты або выцесненыя з краіны. Праз рэпрэсіі беларусы і беларускі не змогуць убачыць дэмакратычных кандыдатаў і кандыдатак у бюлетэнях, паўдзельнічаць у мітынгах і агітацыйнай кампаніі”.

На думку дэмакратычных сіл, рэжым Лукашэнкі, “баючыся чарговай паразы” на выбарах, “пазбавіў рэгістрацыі ўсе апазіцыйныя партыі, больш за 1,7 тыс. грамадскіх арганізацый і закрыў усе незалежныя медыя”.

“Мы патрабуем спынення ўсіх відаў рэпрэсій, вызвалення ўсіх палітвязняў, рэалізацыі права ўсіх грамадзян Беларусі на паўнавартасны ўдзел у выбарах незалежна ад месца жыхарства, забеспячэння свабоды сходаў і роўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі, а таксама правядзення выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі АБСЕ і пад кантролем назіральнікаў”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Пра неабходнасць “дэлегітымацыі рэжыму Лукашэнкі”, “непрызнання вынікаў імітацыі выбараў” гаворыцца ў дакуменце “Платформа 2025”, які падпісалі 3 жніўня на канферэнцыі “Новая Беларусь” у Вільнюсе офіс Святланы Ціханоўскай, АПК, КС і іншыя дэмакратычныя структуры. 8 кастрычніка Следчы камітэт Беларусі паведаміў аб узбуджэнні крымінальных спраў супраць удзельнікаў “Платформы 2025”. У рэлізе СК згадваліся ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) і ч. 3 арт. 3611 (уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці) Крымінальнага кодэкса.

Падзяліцца: