Мінск 19:29

Лукашэнка: Беларусь не давала РФ тэрыторыю для нападу на Украіну, гэта Пуцін завярнуў войскі на Кіеў

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

24 кастрычніка, Позірк. Беларусь не давала Расіі тэрыторыю для “заходу ва Украіну”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 кастрычніка ў інтэрв’ю BBC.

“У нас [у лютым 2022 года] былі вучэнні, на якіх было задзейнічана некалькі тысяч чалавек расійскіх войскаў. Гэтыя войскі былі ў асноўным з Усходняй акругі, і [прэзідэнт РФ Уладзімір] Пуцін пачаў выводзіць гэтыя войскі з Беларусі. Яны былі на поўдні [Беларусі], і па гэтай дарозе, міма мяжы з Украінай, ён пачаў вывад войскаў”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

“Частку войскаў у нейкі перыяд (справакавалі, я ў гэтым перакананы) ён (Пуцін. — “Позірк”.) завярнуў на Кіеў. Чаму так адбылося? Спытайце ў Зяленскага”, — дадаў Лукашэнка.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайсковую агрэсію супраць Украіны, якая была падтрыманая ўладамі ў Мінску. З пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней, тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расійскай арміяй для нанясення ўдараў па Украіне.

21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Лукашэнка прызнаў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзеная 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.

“Расіяне наносілі ўдар сваімі ракетамі, па-мойму, “Іскандэрамі”, я не памятаю, для таго каб засцерагчы свае падраздзяленні. І тады яны ўвялі 20 тыс. сваіх хлопцаў, войскаў, з тэрыторыі Беларусі, якія былі на вучэннях. Гэта Усходняя акруга. Нават не Заходняя. Гэта вунь з Іркуцка і Далёкага Усходу ўзброеныя сілы былі. І яны вымушаныя былі іх увесці туды. Вось чаму з нашай тэрыторыі”, — сказаў Лукашэнка.

“Але гэта не значыць, яшчэ раз кажу, што я апраўдваюся, — заявіў ён. — Я падтрымліваю Расію ў тым, што яны вас (НАТО. — “Позірк”.) апярэдзілі. Калі б вайскоўцы Расіі прамаргалі гэты момант, яны вымушаныя былі б сустрэць масіраваны ўдар з боку войскаў НАТО — не Украіны. Цяпер не Украіна ваюе. Цяпер вы там ваюеце. Вашы найміты і ваша зброя. Дык вы ж яшчэ большыя агрэсары, чым я… Вы большыя агрэсары, натаўцы, чым Беларусь”.

11 красавіка 2023 года першы намеснік міністра абароны Украіны Аляксандр Паўлюк заявіў, што ў пачатку вайны 70 тыс. вайскоўцаў 35-й агульнавайсковай арміі РФ на 7 тыс. бронемашынах “з беларускай мяжы ўварваліся” на тэрыторыю Кіеўскай вобласці.

Падзяліцца: