Мінск 08:48

Беларусь падпісала дакументы ў сферы грамадзянскай авіяцыі з Іарданіяй і Зімбабвэ

Ілюстрацыйнае фота: John McArthur / unsplash.com

24 кастрычніка, Позірк. Беларусь падпісала дакументы ў сферы грамадзянскай авіяцыі з Іарданіяй і Зімбабвэ. Гэта было зроблена ў рамках міжнароднай канферэнцыі ICAN 2024, якая праходзіць у Малайзіі.

Паводле інфармацыі прэс-службы Міністэрства транспарту і камунікацый, з Аманам падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні, з Харарэ — пратакол перамоў.

23 кастрычніка паведамлялася, што на гэтым форуме паміж Мінскам і Эр-Рыядам (Саудаўская Аравія) заключана міжурадавае пагадненне аб паветраных зносінах (ухвалена беларускімі ўладамі 2 кастрычніка), з Эль-Кувейтам (Кувейт) — мемарандум аб узаемаразуменні ў гэтай сферы, з Рабатам (Марока) — пратакол перамоў па выніках кансультацый.

Акрамя таго, беларускі бок абмеркаваў з авіяцыйнымі ўладамі ААЭ перспектывы двухбаковай супрацы.

У Беларусі авіяперавозкамі займаецца кампанія “Белавія”, якая ажыццяўляе палёты ў дзевяць краін.

Авіякампаніі “Белавія” забаронена лятаць у краіны Еўрасаюза пасля інцыдэнту 23 траўня 2021 года, калі ў выніку дзеянняў беларускіх уладаў у мінскім аэрапорце здзейсніў вымушаную пасадку самалёт ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс. На борце былі на той момант апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч і яго сяброўка, расіянка Сафія Сапега. Яны былі затрыманыя, асуджаныя, але пасля памілаваныя.

2 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, ЗША ўвялі ў дачыненні да “Белавія” абмежаванні, якія тычацца экспарту прадукцыі авіяцыйнай сферы і ліцэнзавання пэўных самалётаў і запчастак. 7 снежня 2023 года яны былі падоўжаныя яшчэ на 180 дзён.

9 жніўня 2023 года “Белавія” трапіла ў санкцыйны спіс ЗША.

3 лістапада 2023 года генеральны дырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец прызнаў, што планы па мадэрнізацыі флота самалётаў авіякампаніі “Белавія” былі парушаны праз увядзенне заходніх санкцый.

Падзяліцца: