Мінск 04:52

Ціханоўская ўпершыню возьме ўдзел у сесіі Паўночнага савета

Крыніца: norden.org

24 кастрычніка, Позірк. Святлана Ціханоўская 28—31 кастрычніка наведае Ісландыю, дзе ўпершыню возьме ўдзел у мерапрыемствах высокага ўзроўню па лініі Паўночнага савета, паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Франак Вячорка.

Праграма візіту, паводле яго слоў, яшчэ дапрацоўваецца, але ўжо вядома, што дэмлідар выступіць на адной з пленарных сесій савета, а таксама на арганізаваным на палях мерапрыемства семінары “Шлях да дэмакратычнай Беларусі — роля паўночных і міжнародных парламентарыяў”.

Запланаваны сустрэчы з міністрамі замежных спраў паўночнай “пяцёркі” (Данія, Ісландыя, Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя), пасля якой адбудзецца прэс-канферэнцыя; з міністрам абароны Даніі; удзел у дзелавой вячэры для кіраўнікоў парламентаў паўночных краін, прыёмах ад імя прэзідэнта Ісландыі і Паўночнага савета і цырымоніі ўручэння прэмій Паўночнага савета ў галіне культуры і аховы навакольнага асяроддзя.

Таксама прапрацоўваюцца сустрэчы дэмлідара з кіраўнікамі ўрадаў краін Паўночнага савета, якія возьмуць удзел у мерапрыемствах.

Паўночны савет — афіцыйны орган міжпарламенцкага супрацоўніцтва краін Паўночнай Еўропы. Створаны ў 1952 годзе, ён налічвае 87 абраных членаў з Даніі, Ісландыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Швецыі, а таксама Аландскіх выспаў, Грэнландыі і Фарэрскіх выспаў.

Ціханоўская наведвала Рэйк’явік у траўні 2023 года для ўдзелу ў саміце Савета Еўропы. Тады беларускія ўлады абвінавацілі арганізацыю ў “развіцці кантактаў з экстрэмістамі, якія заклікаюць да новых санкцый і тэрактаў супраць насельніцтва”.

Падзяліцца: