Мінск 02:23

Лукашэнка заявіў прэзідэнту Ірана, што вінен яго краіне

24 кастрычніка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіяна з “пераканаўчай і бясспрэчнай” перамогай на выбарах, якую не здолелі аспрэчыць “ні амерыканцы, ні іх саюзнікі”, вынікае з відэафрагмента, распаўсюджанага блізкім да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-каналам “Пул першага”.

Палітыкі сустрэліся на палях саміту БРІКС у Казані.

Таксама Лукашэнка заявіў, што вінен Ірану за “падтрымку ў наданні Беларусі статусу партнёра ў БРІКС”, і запрасіў Пезешкіяна наведаць Мінск, адзначыўшы, што паміж краінамі “ніколі не было закрытых тэм”, а суразмоўца з’яўляецца актыўным чалавекам. “Дамовіўшыся, мы можам рэалізаваць нашы дамоўленасці”, — выказаў меркаванне выступоўца.

У сваю чаргу іранскі прэзідэнт адзначыў, што БРІКС — гэта моцная група краін і разам можна супрацьстаяць заходнім санкцыям.

“Пераканаўчай і бясспрэчнай перамогай” Лукашэнка лічыць 53,67% галасоў, набраныя Пезешкіянам сёлета 5 ліпеня ў другім туры датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся пасля гібелі папярэдняга прэзідэнта Ірана Ібрахіма Раісі.

Віншуючы яго з перамогай на наступны дзень, Лукашэнка заявіў, што дыялог паміж Мінскам і Тэгеранам “на ўсіх узроўнях упэўнена пашыраецца”, і таксама запрасіў Пезешкіяна здзейсніць афіцыйны візіт у Беларусь у зручны для іранскага палітыка час, каб абмеркаваць “найбольш актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня і далейшае ўзаемадзеянне краін у міжнародных арганізацыях і аб’яднаннях”.

Падзяліцца: