Мінск 17:34

Партугалія не будзе выдаваць гуманітарныя візы замежнікам, у тым ліку беларусам

Крыніца: pixabay.com

25 кастрычніка, Позірк. Парламент Партугаліі адхіліў законапраект, які прадугледжвае выдачу гуманітарных віз замежнікам, што пераследуюцца на радзіме па палітычных матывах. Пра гэта паведаміў у сетцы Х палітэмігрант з Расіі Павел Елізараў, сябра партугальскай партыі “Ліберальная ініцыятыва”, якая вылучыла законапраект.

Паводле яго слоў, дакумент не будзе вынесены на галасаванне на пленарным пасяджэнні парламента, паколькі дзве партыі — Сацыял-дэмакратычная партыя (PSD) і Дэмакратычны і сацыяльны цэнтр (CDS-РР) — заявілі, што не падтрымліваюць гэтую ініцыятыву, і далучыліся да антыімігранцкай партыі Chega (“Хопіць!”).

11 кастрычніка пры ўнясенні законапраекта на разгляд дэпутатаў гэтыя партыі ўстрымаліся пры галасаванні.

Ультраправая Chega раней заявіла, што выдачу гуманітарных віз лабіруюць “здраднікі”, якія хочуць “нелегалаў рабіць партугальцамі”. “Гэта поўнае трызненне: наадварот, цяпер, каб прасіць прытулак, людзі прыязджаюць нелегальна ці як турысты (як я калісьці), а гуманітарная віза гэты працэс бы ўпарадкавала”, — напісаў Елізараў.

У выпадку прыняцця закон дазваляў бы тым, каго пераследуюць улады на радзіме, запытваць гуманітарную візу ў партугальскай амбасадзе ў любой краіне і затым па прыездзе ў краіну атрымліваць палітычны прытулак.

Як паведаміў Елізараў выданню The Insider, дзве партыі прагаласавалі па адным і тым жа законапраекце па-рознаму з інтэрвалам менш чым у два тыдні: “Chega — радыкалы, а PSD ідуць у іх на повадзе. Адзін з аргументаў быў, што, маўляў, консульствы не могуць прымаць рашэнні па пытанні аб прытулку, але пра гэта гаворкі і не ішло”.

Партыі CDS-PP, PSD і Сһеда маюць адпаведна 80, 78 і 50 мандатаў у 230-мясцовым парламенце Партугаліі, “Ліберальная ініцыятыва” — 8.

Пра тое, што ў Партугаліі разглядаецца законапраект, які прадугледжвае ўвядзенне гуманітарнай візы, прыняцце якога дасць “магчымасць у тым ліку беларусам атрымліваць гуманітарныя візы і прытулак у гэтай краіне”, паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка 11 кастрычніка, у дзень папярэдняга адабрэння праекта.

Палітык лічыў, што далейшы разгляд з’яўляецца хутчэй “тэхнічным пытаннем”, аднак развіццё падзей абвергла гэты тэзіс.

Гуманітарная віза прадугледжвае ўезд у краіну па гуманітарных прычынах з мэтамі абароны замежніка ад палітычных, рэлігійных або іншых пераследаў у краіне яго грамадзянства. Пасля падзей 2020 года многія беларусы атрымалі такія дакументы ў Польшчы і Літве.

Партугалія ўваходзіць у групу сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ, аб стварэнні якой стала вядома 3 кастрычніка 2023 года.

28–29 траўня Ціханоўская прыняла ўдзел у канферэнцыі Сoncordia ў Порту. Дэмлідар таксама правяла сустрэчу з міністрам замежных спраў Партугаліі Паўлу Ранжэлам.

Ціханоўская папрасіла міністра “знайсці магчымасці для вырашэння праблем легалізацыі беларусаў, якія пражываюць у Партугаліі” (каля 1,4 тыс.), а таксама беларускіх кампаній, якія былі рэпрэсаваныя рэжымам і пераехалі ў гэтую краіну.

Падзяліцца: