Мінск 21:32

Мерапрыемствы памяці расстралянай у 1937 годзе нацыянальнай эліты пройдуць не менш чым у 10 краінах

Фота: "Радыё Свабода"

25 кастрычніка, Позірк. Праграму мерапрыемстваў у памяць пра прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлектуальнай эліты, расстраляных у ноч на 30 кастрычніка 1937 года, прадставіў офіс Святланы Ціханоўскай.

Мерапрыемствы пройдуць не менш чым у 10 краінах.

Памятныя мерапрыемствы пачнуцца 25 кастрычніка. У Лондане (Вялікабрытанія) у гэты дзень на 19:00 запланаваны літаратурны вечар у бібліятэцы Скарыны.

У Рызе (Латвія) 26 кастрычніка (пачатак у 14:00) пройдзе мемарыяльнае мерапрыемства па адрасе вул. Слокас 37.

У Таліне (Эстонія) 29 кастрычніка а 18:00 пачнуцца чытанні ў Беларускім доме.

У Польшчы мерапрыемствы пройдуць у Гданьску (29 кастрычніка, 19:00, тэатральна-музычнае прадстаўленне), Беластоку (29 кастрычніка, 18:00, канцэрт Вольнага хору ў Muzeum Pamięci Sybiru), Варшаве (27 кастрычніка, 12:00, прэзентацыя музычнага зборніка; 29 кастрычніка, 19:00, прэм’ера спектакля “Жоўты пясочак” паводле апавядання Васіля Быкава; 29 кастрычніка запланаваная “Ноч паэтаў” у Моладзевым хабе і мерапрыемства ў Free Belarus Center), Шчэцыне (29 кастрычніка, 19:00, вечар паэзіі), Любліне (29 кастрычніка, 17:00, “Ноч (не)расстраляных паэтаў”), Сопаце (31 кастрычніка, 20:00, спектакль-канцэрт).

У Кіеве (Украіна) на 29 кастрычніка запланаваны памятны вечар у Цэнтры культурнага развіцця, у той жа дзень пройдзе “Ноч расстралянай паэзіі”.

У Рэйк’явіку (Ісландыя) на 26 кастрычніка (17:00) анансавана чытанне вершаў, у Цюрыху (Швейцарыя) 26 кастрычніка (19:00) — вечар памяці ў Punto de Encuentro.

У Батумі (Грузія) 29 кастрычніка а 19:30 пройдзе “Ноч расстраляных паэтаў” у беларускай прасторы “Аксяродак” (Batumi, Parnavaz Mepe, 62A).

У Вільнюсе (Літва) 26 кастрычніка а 17:00 будзе праведзеная прагулка-экскурсія, 28 кастрычніка ў 18:30 адбудзецца прэм’ера спектакля “Мая мама ў турме”, 29 кастрычніка ў 18:30 — мемарыяльнае мерапрыемства.

Запланаваныя таксама анлайн-праграмы: 29 кастрычніка (21:00) — вечар чытанняў ад беларусаў Канады, 21–29 кастрычніка — на сайце ініцыятывы “Годна” штодня будуць праходзіць мерапрыемствы ў памяць аб расстраляных.

Ноч на 30 кастрычніка 1937 года — адна са змрочных старонак у беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. Тады НКУС расстраляў больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты: дзеячаў культуры, навукі, тагачасных чыноўнікаў.

Сярод іх былі 22 літаратары, у тым ліку — Міхась Чарот, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Тодар Кляшторны, Юрка Леонны, Валерый Маракоў, Майсей Кульбак, Ізі Харык, Васіль Сташэўскі, Янка Нёманскі, Зяма Півавараў, Васіль Коваль, Макар Шалай, Арон Юдэльсон і інш.

Забойствы праводзіліся ва ўнутранай турме НКУС (цяпер СІЗА КДБ, так званая “Амерыканка”) і ў падвалах Пішчалаўскага замка (цяпер СІЗА № 1, “Валадарка”).

З 1988 года беларусы ў розных гарадах свету праводзяць акцыі ўшанавання расстраляных. У Беларусі мерапрыемствы з літаратурнымі чытаннямі і выступамі музыкаў традыцыйна праходзілі ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам, дзе пахаваныя шматлікія ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Апошні такі сход адбыўся ў 2020 годзе, пасля чаго з меркаванняў бяспекі іх вырашылі больш не праводзіць.

Падзяліцца: