Мінск 14:51

Пяскоў: Усе ў Расіі будуць падтрымліваць Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

25 кастрычніка, Позірк. У Расіі будуць “вельмі ўважліва сачыць” за ходам выбарчай кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

“Я ўпэўнены, што ўсе будуць падтрымліваць у Расіі менавіта кандыдатуру Аляксандра Рыгоравіча [Лукашэнкі]. Тут наўрад ці могуць быць нейкія сумневы”, — цытуе Пяскова ТАСС.

Пры гэтым, паводле яго слоў, прэзідэнцкія выбары з’яўляюцца “абсалютнай справай Беларусі”.

“Галоўнае — гэта не падтрымка Расіі, галоўнае — гэта той выбар, які зробіць народ нашай брацкай Беларусі”, — адзначыў прэс-сакратар Пуціна.

Кажучы пра намер Лукашэнкі балатавацца, прадстаўнік Крамля падкрэсліў, “як высока прэзідэнт Пуцін і наогул шмат хто ў Расіі цэняць яго ролю ў развіцці Беларусі як суверэннай дзяржавы, як дзяржавы, якая ўдзельнічае ў Саюзнай дзяржаве Расіі і Беларусі”.

“Цяжка пераацаніць ролю Аляксандра Рыгоравіча і ў развіцці інтэграцыйных працэсаў. Канешне ж, усім добра вядомыя асаблівыя сяброўскія даверныя адносіны лідараў нашых дзвюх краін”, — сказаў Пяскоў.

З нагоды магчымага паўтарэння ў Беларусі падзей 2020 года ён заявіў: “Мы ведаем, што нашы беларускія сябры вынеслі неабходныя ўрокі, атрымалі вопыт багаты па выніках тых самых падзей, што з’яўляецца залогам непаўторнасці ў далейшым такіх сітуацый”.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі, намер удзельнічаць у іх выказаў яго прыхільнік, кіраўнік праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

22 кастрычніка амбасадар РФ у Беларусі Барыс Грызлоў заявіў, што Расія “ў рамках сваіх абавязацельстваў” акажа Мінску “дапамогу і падтрымку” ў выпадку “спробаў дэстабілізацыі сітуацыі” падчас прэзідэнцкіх выбараў 2025 года, калі пра гэта папросіць беларускі бок.

Падзяліцца: