Мінск 19:02

У Гродзенскай вобласці парушэнні ў выкарыстанні БПЛА выяўленыя амаль у паловы правераных арганізацый

Крыніца: Генпракуратура

25 кастрычніка, Позірк. Пракуратура Гродзенскай вобласці ў верасні — кастрычніку гэтага года праверыла 23 суб’екты гаспадарання, у якіх у карыстанні знаходзілася 30 грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА), паведамляе прэс-служба нагляднага ведамства.

Парушэнні выяўленыя ў 11 арганізацыях, гаворыцца ў рэлізе.

Вынесена чатыры прадпісанні, афіцыйна папярэджана шэсць службовых і адказных асоб, адзначаецца ў паведамленні.

Сярод парушэнняў — несвоечасовая дзяржаўная рэгістрацыя БПЛА ў Дэпартаменце па авіяцыі, эксплуатацыя БПЛА без “нанесеных на іх унікальнага ўліковага нумара і ідэнтыфікацыйнай пазнакі”, удакладняе пракуратура.

Таксама паведамляецца, што пасля “рэйдавых мерапрыемстваў” у адной з крамаў раздробнага гандлю ў чэрвені 2024 года ўстаноўлены факт продажу двух БПЛА. “Меры для дзяржаўнага ўліку беспілотнікаў гэта прадпрыемства не прыняло, у сувязі з чым атрымала прадпісанне”, — адзначыла прэс-служба ведамства.

1 красавіка ўступіў у сілу ўказ ад 25 верасня 2023 года № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў”, якім забараняецца ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб беспілотнікаў і выкарыстанне паветранай прасторы без належнага дазволу.

Акрамя таго, незаконнае ўтрыманне і выкарыстанне беспілотнікаў у памежнай зоне альбо памежнай паласе з’яўляюцца парушэннем памежнага рэжыму і цягнуць адміністрацыйную адказнасць (арт. 24.19 КаАП прадугледжвае штраф да 50 базавых адзінак — да 2.000 рублёў).

Падзяліцца: